«Верабейкі» выступілі на фестывалі ў Літве
Як танчылі на Любаншчыне нашы продкі, у чарговы раз на
міжнароднай сцэне прадэманстраваў узорны фальклорны ансамбль «Верабейкі»
(кіраўнік Сяргей Выскварка).
Калектыў напрыканцы студзеня прыняў удзел у Міжнародным дзіцяча-юнацкім фальклорным фестывалі «Зімовыя
вечары II», які ладзіўся ў літоўскім горадзе Клайпеда.
Фестываль, арганізаваны асацыяцыяй
фальклору «Вечора» (кіраўнік Марыя Серабракова), праводзіцца з мэтай
культурнага абмену паміж дзіцячымі і юнацкімі фальклорнымі калектывамі, якія
прадстаўляюць літоўскія, рускія, беларускія народныя традыцыі.
Як лёгка здагадацца з назвы, фестываль
прайшоў ужо ў другі раз. Першы – у мінулым годзе з 1 па 3 лютага. Сярод яго
ўдзельнікаў таксама можна было заўважыць «Верабейкаў». Варта адзначыць, што
прадстаўнікі «Вечоры», у тым ліку і сама Марыя
Серабракова, прыязджалі на Любаншчыну – іх надзвычай зацікавіў фестываль традыцыйнай
культуры «Пятровіца».
«Зімовыя
вечары ІІ» сабралі дзясятак ансамбляў з Літвы, Латвіі, Беларусі і Расіі. Нашу краіну прадставіў яшчэ ўзорны фальклорны ансмабль «Калыханка» (аграгарадок
Міханавічы Мінскага раёна).
Фестываль доўжыўся тры дні. За гэты час ансамблі прынялі ўдзел у шэрагу цікавых
мерапремстваў. Ладзіліся творчыя
майстэрскія народных гульняў і танцаў; канцэрт для горада «Хороша наша семья», прысвечаны
15-гадоваму юбілею фальклорнай студыі «Веретенце». Аднак, напэўна, кульмінацыяй«Зімовых вечароў ІІ» быў гала-канцэрт
«Живая старина».
Асновай
выступленняў любачнан паслужылі народныя танцы нарэчанька, каваля, мікіта,
лявоніха.
Сяргей Выскварка
ўзгадвае цікавы эпізод:
– Не змог з намі паехаць гарманіст
Васіль Семашкевіч. Таму мы ўзялі з сабой запісы музыкі. Аднак пад фанаграму
фальклорныя танцы выконваць неяк не прынята. Выйсце было знойдзена. Нам прыйшлі
на дапамогу два ансамблі-ўдзельнікі. Каваля і нарэчаньку мы танцавалі «пад язык»
– пад спевы «Калыханкі». А музычнае суправаджэнне для мікіты і лявоніхі забяспечыў
расійскі ансамбль «Ленова» (горад Пскоў).
Фінішным акордам фестывалю стаў
канцэрт духоўнай музыкі, які прайшоў у Пакрова-Мікольскім храме. На закрыцці «Зімовых вечароў ІІ» Сяргею Выскварку і ансамблю «Верабейкі»
аб’яўлены падзякі.









