Узорны тэатр «Летуценнікі» Любанскай школы мастацтваў стаў лаўрэатам адкрытага рэгіянальнага фестывалю «Казкі жыцця»

Культура
15 сентября 2020
154
Узорны тэатр «Летуценнікі» Любанскай школы мастацтваў стаў лаўрэатам адкрытага рэгіянальнага фестывалю «Казкі жыцця»

Ладзіцца ён раз у два гады на Стаўбцоўшчыне, радзіме Якуба Коласа, у Дзераўнянскай ДШМ. Нашы «Летуценнікі» ўжо некалькі разоў прымалі ўдзел у гэтым фэсце з рознымі пастаноўкамі. І кожная з іх была годна ацэнена журы. Неаднаразова, дарэчы, у склад яго ўваходзіла кіраўнік узорнага тэатра Ала Каткавец.  Як зазначыла Ала Валянцінаўна, «Казкі жыцця»  – гэта цікавая культурная дзея, якая адкрывае таленты, дае магчымасць юным акцёрам, удзельнікам драматычных і лялечных тэатраў, паказаць свае здольнасці, майстэрства, перажыць новыя эмоцыі, а таксама спрыяе абмену набыткамі, вопытам, умацоўвае творчыя і сяброўскія сувязі.

Сёлета на юбілейным пятнаццатым фестывалі, які ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй праходзіў у анлайн-фармаце, узорны тэатр Любанскай ДШМ прадставіў спектакль па п’есе балгарскага драматурга Іардана Тодарава «Папугайчык Пай». Гэта цікавая пастаноўка пра вясёлага, гарэзлівага Папугайчыка, які жыве ва ўтульнай, камфортнай клетцы. І ўсё, здаецца, добра, але ён вельмі жадае ўбачыць свет сваімі вачамі. Ды не можа пакінуць клетку. Прыгоды Пая пачынаюцца, калі аднойчы да яго прыляцела цудоўная Ластаўка… Спектакль насычаны забаўнымі сюжэтамі, яркімі касцюмамі, музычнымі і харэаграфічнымі элементамі. Рабяты выдатна справіліся са сваімі ролямі, перадалі настрой, закладзены ў творы, і сталі пераможцамі.

Узорны тэатр атрымаў дыплом лаўрэата і прызы ад арганізатараў фестывалю. Акрамя таго,  Эвеліна Шыла, якая цудоўна сыграла Папугайчыка Пая, узнагароджана за высокае выканальніцкае майстэрства. Віншуем з чарговым поспехам нашых летуценнікаў і іх творчых натхняльнікаў, Алу Каткавец і загадчыка тэатральнага аддзялення ДШМ Васіля Каткаўца.

pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio