У яркім сузор’і творчасці.Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў 23-і раз і сабраў удзельнікаў і гасцей з розных куткоў Сінявокай, а таксама Расійскай Федэрацыі

Культура
16 июня 2024
350

Штогод на пачатку лета Маладзечна становіцца асаблівым месцам прыцягнення. Там праводзіцца Нацыянальны фестываль песні і паэзіі. На мінулым тыдні ён адбыўся ўжо ў 23-і раз і сабраў удзельнікаў і гасцей з розных куткоў Сінявокай, а таксама Расійскай Федэрацыі.

Па традыцыі на ўсе  пяць дзён горад ператварыўся ў вялікую канцэртную, выставачную, забаўляльную пляцоўку. Пачынаючы з 11 чэрвеня, штодня на цэнтральнай плошчы, у раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча і Палацы культуры ладзіліся выступленні  творчых калектываў Міншчыны, спектаклі, прэзентацыі кніг, пленэры і майстар-класы. Усюды гучала музыка, панаваў святочны настрой.



Але самымі насычанымі, канешне ж, атрымаліся пятніца і субота. Адкрыла праграму гэтых дзён  прэзентацыя фотавыставы “Творцы” з нагоды 85-годдзя фотакарэспандэнта  Юрыя Іванова. Звяртаючыся з уступным словам, начальнік галоўнага ўпраўлення  культуры Мінаблвыканкама Ала Шахоцька зазначыла, што ў  багатай  палітры творчых мерапрыемстваў нашай краіны фестывалю песні і паэзіі ў Маладзечна адведзена асаблівае месца. І прапанавала таленавітаму аўтару стварыць выстаўку, прысвечаную менавіта гэтаму маштабнаму святу, якое  накіравана на папулярызацыю нацыянальных і духоўных каштоўнасцей, развіццё музычнага і песеннага мастацтва беларускіх аўтараў, захаванне роднай мовы.












Менавіта яна, мілагучная і сакавітая, гучала  і падчас гала-канцэртаў адкрыцця і закрыцця фестывалю на сцэне летняга амфітэатра, і падчас галоўнай дзеі – конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, у якім удзельнічалі па 3 прадстаўнікі ад кожнай вобласці, а таксама ад сталіцы. Прыхільнікі вакальнага мастацтва з задавальненнем паслухалі як ужо вядомых айчынных артыстаў – Вікторыю Алешку, Наталлю Тамэлу, ансамбль “Песняры” і г.д., так і пачынаючых, якія тым не менш робяць упэўненыя крокі на сцэне, дорачы сваім слухачам добры настрой, прыгажосць роднага слова і мелодыі сэрца.  

У якасці гледачоў  і  непасрэдных удзельнікаў грандыёзнай дзеі  былі і прадстаўнікі Любаншчыны. Так, супрацоўнікі раённага Цэнтра культуры, дзіцячай школы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, бібліятэкі імя І.А. Муравейкі, музея народнай славы прадставілі ў “Горадзе майстроў” свае экспазіцыі, аформленыя з мастацкім густам і творчай фантазіяй. З дапамогай шматлікіх экспанатаў не толькі паказалі плён творчасці нашых майстроў, а і адлюстравалі непаўторны мясцовы каларыт. Запрасілі ўсіх жадаючых дакрануцца душой да спадчыны краю над ракой Арэсай і акунуцца ў атмасферу сяброўства і шчырасці.



    









pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio