У сёмы раз на Любаншчыне прайшло рэгіянальнае свята народнай кухні «У Пласток на квасок»

Культура
20 августа 2024
807

Як толькі на сядзібе Паўла і Марылі ў Пластку на кусце каліны ягады нальюцца першай чырванню, ведай: настаў час для правядзення штогадовага свята, прысвечанага супу на капусным расоле – квасу. Яно так і называецца «У Пласток на квасок».

Арганізатары мерапрыемства нязменныя – Сафія Каток (жыхарка в. Пласток, загадчык мясцовага сельскага клуба-бібліятэкі) і Сяргей Выскварка (ураджэнец в. Пласток, загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Любанскага раённага Цэнтра культуры).


А якое ж свята без гасцей? Сёлета сваёй творчасцю дзяліліся вакальны ансамбль «Вербіца» (г. Мінск) і асабіста хацелася б адзначыць яго маленькага ўдзельніка Рыгора Бубіча, якому літаральна на днях споўнілася чатыры гады (дарэчы, дзядуля хлопчыка – з Вялікіх Гарадзяціч), творчае аб’ядненне «Арт-вячора» (г. Масква), салістка Любоў Русаковіч (працуе ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным інстытуце культуры, таксама мае любанскія карані: яе бабуля з Пекліч), сям’я Узловых (г. Масква), фальклорныя гурты «Чуткі» (в. Камуна), «Беражніца» (в. Пласток), «Напарачка» (г. Любань), трыа музыкаў «Любанскія» (г. Любань).


Знаёмства з ўдзельнікамі, народныя песні, танцы, гумар, выставы, дэгустацыя – неад’емныя складнікі свята. Дзея ладзілася ў цёплай сямейнай атмасферы.


Усе ацанілі такі эпізод. Мясцоваму жыхару Леаніду Белавусу прапанавалі паспрабаваць квас ад шасці гаспадынь (іх імёны пакінулі ў тайне) і вырашыць, які самы смачны. «Гэты саланаваты, гэты кіславаты», – казаў мужчына. Жонцын пазнаць не змог, а перамогу аддаў першаму. А пасля высветлілася, што ў кожнай з шасці талерак быў квас з аднаго чыгунка: суп прыгатавала яго жонка Ніна Маладзянава.


Доўгачаканая частка свята: конкурс-дэгустацыя квасоў. Сёлета ў кулінарным спаборніцтве ўзялі ўдзел шэсць гаспадынь: Надзея Малаш, Раіса Кагадоўская, Вольга Глазун, Сафія Каток, Ніна Маладзянава (усе пяць з в. Пласток), Таццяна Хацько (в. Кузьмічы). Па прызнанні незалежнага журы (свой голас меў права аддаць кожны прысутны на свяце), перамагла Надзея Малаш.



Трэба сказаць, кожная гаспадыня гатуе квас па-свойму, але аснова стравы ва ўсіх адна – гэта спалучэнне трох інгрэдыентаў: сухіх грыбоў (звычайна, баравікоў), пярловай крупы і капуснага расолу. Цікава, што гэты суп вараць без бульбы (з-за расолу яна проста не памякчэе). Грыбы выкарыстоўваюць, як правіла, вялікія. Напрыклад, у Кузьмічах іх так і называюць – квасовікі. Папярэдне грыбы трэба замачыць у вадзе (кажуць, лепш у салёнай). Страву можна рабіць як на булёне (мясным ці рыбным), так і на вадзе. Калі крупы і грыбы зварыліся, уліваюць капусны расол, спрабуюць на соль, дадаюць спецыі, цыбулю і моркву. Ужываюць квас звычайна з чым-небудзь у прыкуску. Напрыклад, на свяце Таццяна Хацько прапанавала традыцыйны хлеб, Сафія Каток – бульбу, Вольга Глазун – бліны.




Ужо можна смела казаць, што мерапрыемства «У Пласток на квасок» стала традыцыйным, сёлета ладзілася ў сёмы раз. І інтарэс да яго павялічваецца. Варта толькі паглядзець на геаграфію гасцей. У арганізатараў узнікла думка: чаму б не трансфармаваць рэгіянальнае свята народнай стравы ў гастрафэст?


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio