У Любанскай ДШМ адкрылася рэтраспектыўная фотавыстаўка “Край славы партызанскай, край святой любові”

Культура
23 мая 2024
346

“Гартаю старонкі старых блакнотаў, разглядаю фотаздымкі. Перад вачыма паўстае тое, што шмат гадоў таму адлюстравалася на фотастужках. З рэдакцыйнымі заданнямі не раз бываў у Любані, у вёсках гэтага маляўнічага края, на партызанскім востраве Зыслаў. Не ведаю, ці памятаюць мяне людзі, з якімі мне давялося тут пазнаёміцца. Але я (варта адкрыць толькі старонкі фотаархіва) адразу ўзгадваю твары субяседнікаў і нібы чую іх галасы”, – так цёпла і шчыра выказаўся вядомы фотажурналіст Яўген Пясецкі.




Яго здымкі – гэта цэлая гісторыя, шматгранная і захапляльная. У ёй арганічна пераплецены краявіды дзіўнай прыгажосці, знакавыя падзеі рэчаіснасці, незвычайныя лёсы суайчыннікаў. Нават цяжка ўявіць і падлічыць, колькі іх накоплена за амаль 60 гадоў прафесійнай і творчай дзейнасці?! Але прыемна, што пачэснае месца займаюць фотаработы, прысвечаныя Любаншчыне: легендарнаму востраву Зыславу, апетай Купалам рэчцы Арэсе, жыхарам-жыццялюбам і рупліўцам, слыннаму земляку Івану Муравейку, мужным абаронцам Айчыны… І яны прасякнуты асаблівай энергетыкай, незвычайным каларытам.



У тым, да слова, змаглі ўпэўніцца ўсе, хто завітаў на ўрачыстае адкрыццё рэтраспектыўнай фотавыстаўкі пад мілагучнай назвай “Край славы партызанскай, край святой любові”, што падрыхтавана ў Любанскай дзіцячай школе мастацтваў да 75-годдзя таленавітага творцы. Мерапрыемства прайшло ў душэўнай атмасферы. Загадчык тэатральнага аддзялення Васіль Каткавец, апантаны краязнаўца Анатоль Вялічка, супрацоўнік музея народнай славы Сяргей Квіткевіч, якія не раз сустракаліся з Яўгенам Пясецкім і не першы год супрацоўнічаюць, прыгадалі цікавыя моманты іх сумесных вандровак, сустрэч, размоў. Распавялі пра майстэрства Яўгена Пясецкага, як яго часта называюць, старажыла фотажурналістыкі, паэтызаваць уласныя здымкі і пра тое, што ён з’яўляецца заснавальнікам рубрыкі «Фотаслова», аўтарам зборніка «Кола дзён», у якім кожны верш напоўнены любоўю да роднай старонкі, павагай да яе працавітых людзей, пяшчотай да ўсяго жывога на зямлі. Асобныя творы, дарэчы, прагучалі – іх эмацыянальна і пранікнёна, па-дзіцячы шчыра прачыталі юныя акцёры, навучэнцы Любанскай ДШМ.





Падсумоўваючы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Аляксеева зазначыла:

– Багатая творчая спадчына майстра сведчыць: чалавек ён плённы і нераўнадушны да ўсяго, што адбываецца вакол. Праз прызму аб’ектыву і з дапамогай цудадзейнага слова ён захаваў у памяці хроніку штодзённага жыцця многіх рэгіёнаў Сінявокай, і ў тым ліку Любаншчыны, краю славы партызанскай. Яўген Пясецкі валодае асаблівым талентам – бачыць незвычайнае ў звычайным. Умее не толькі захапляцца тым, што акаляе, а і адлюстроўваць гэта ў сваіх творах і фотаздымках. Нездарма яны кранаюць душу і сэрца, нібы няктар, насычаюць асалодай і цеплынёй. З’яўляюцца выдатным пасылам для ўсіх нас – радавацца таму, што побач, цаніць гэта, захоўваць, каб пакінуць пасля добры след.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio