У спіс спадчыны ЮНЭСКА ўключана саломапляценне Беларусі
«Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство і ўменні» уключана ў Рэпрызантыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, паведамілі ў твітар-акаўнце ЮНЭСКА.
Гэта пяты беларускі аб’ект у спісе разам з абрадамі «Калядныя цары» і «Юр’еўскі карагод», Будслаўскім фэстам і традыцыямі бортніцтва.
«Беларускае саломапляценне падкрэслівае духоўную каштоўнасць і сімвалічнасць матэрыялу і вырабаў. Некаторыя вырабы з саломы маюць асаблівае значэнне, напрыклад, абрадавыя вянкі і павукі, якія, як лічацца, ахоўваюць дом ад бяды і хваробаў», – паведамляецца на сайце ЮНЕСКА.
Адметна яшчэ і тое, што ілюстрацыяй гэтай навіны на сайце арганізацыі і ў яе сацыяльных сетках з'яўляецца фотаздымак нашага земляка, народнага майстра Беларусі па саломапляценні Уладзіміра Ціханоўскага.

Уладзімір Аляксандравіч шмат гадоў працаваў у Рачэнскім і Атраднаўскім сельскіх Дамах культуры. Ён з'яўляўся захавальнікам многіх відаў беларускай традыцыйнай культуры.









