У сельскіх дамах культуры Любаншчыны распрацаваны шматлікія турыстычныя маршруты
Зараз стала модна экскурсіі
па славутых аб’ектах дапаўняць майстар-класамі. Напрыклад, падарожнікі з
задавальненнем садзяцца за ганчарны круг, б’юць молатам па кавалдзе. І дзеля эмоцый,
якія ў гэты час атрымліваюць, едуць за сотні кіламетраў. Аднак у захапленні
можна застацца і ад ваяжу па родных – любанскіх, мясцінах.
Наш край таксама
багаты на таленавітых майстроў, якія будуць рады падзяліцца з гасцямі сваімі
ўменнямі. Многія з іх працуюць у клубных установах. А таму ўсе шляхі вядуць у
сельскі дамы культуры, у якіх ужо распрацаваны турыстычныя маршруты.
Напрыклад, у Жораўцы
можна ўбачыць працэс прыгатавання хлеба па традыцыйнай рэцэптуры. Ірына Жудрык пакажа,
як нашы продкі малолі муку на жорнах, замешвалі цеста, садзілі хлеб у печ. І, вядома,
дазволіць наведвальнікам прыкласці руку да гэтых працэсаў. А пакуль боханы будуць
выпякацца, прапануе паўдзельнічаць у гульнёвай праграме. Калі хлеб дастануць з
печы, яго можна будзе паспытаць.
У Пластокскім
сельскім клубе-бібліятэцы распрацаваны турмаршрут «Бабуліны гасціны». Загадчык Соф’я
Каток прапануе гасцям прайсці ў гульнёвы пакой, дзе правядзе для дзяцей
забаўляльную праграму. У аромапакоі раскажа, якія зёлкі збіралі нашы продккі і
для чаго. Спецыяльныя зборы траў, калі ўзнікне жаданне, можна будзе набыць. А
фіналам мерапрыества стане чаяванне. Гаспадыня пачастуе гасцей вясковым печывам
і напоіць гарбатай.
У Камуне можна
затрымацца надоўга. Напрыклад, спачатку адправіцца ў падарожжа па населеным
пункце, падчас якога даведацца пра гісторыю яго заснавання. А далей у мясцовым
доме культуры паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе традыцыйнай лялькі (падаржніцы,
траўніцы, абярэгавай, на дабро і іншых), павучыцца працаваць на кроснах (пад
кіраўніцтвам народнага майстра Ірыны Яскевіч), плесці лапці. Яшчэ наведвальнікам
прапануюць згуляць у гарадкі, лапту. Можа быць і так, што мужчыны пойдуць у трэнажорную
залу, а дзяўчаты – ткаць, потым аб’яднаюцца ў карчме, каб выпіць гарбаты з
мёдам. А яшчэ можна сплавіцца па Арэсе на маторнай лодцы ці паспрабаваць стаць
на сапборд.
Работнікі
Кузьміцкага СДК запросяць гасцей на вясковы пікнік, пасля (альбо у час яго)
народны майстар Беларусі Раіса Валькова правядзе майстар-клас па вырабе кветак
з паперы для аздаблення вясельнага вянка. Яшчэ адна цікавая ініцыятыва – сабраць
у лузе травы і зрабіць з іх аромалялькі.
У Таль можна ехаць «на
лазу». Там правядуць майстар-клас па яе нарыхтоўцы, варцы і
ашкурванні. Пасля можна будзе ўласнаручна вырабіць які-небудзь сувенір з кары. Дарэчы,
аказваецца, лазу нельга нарыхтоўваць толькі некалькі тыдняў улетку, а ўвесь
астатні час – можна.
Яшчэ адзін народны
майстар Беларусі – Марына Вакульчык – загадвае Дарасінскім сельскім домам
культуры. Яна можа раскрыць сакрэты аздаблення велікодных яек у тэхніках
«шкрабанка» і «пісанка».
І гэта толькі верхавіна
айсберга. Такіх маршрутаў мноства. І яны абсалютна розныя па напаўненні. Дарэчы,
«турпаслуга» падарожнікам будзе каштаваць сімвалічна. Галоўная мэта арганізацыі
такіх ваяжаў – не зарабіць грошы. Гэта ўсё робіцца дзеля таго, каб сельскія
дамы культуры і далей заставаліся запатрабаванымі ў наведвальнікаў.









