У раёне прайшоў семінар-практыкум “Традыцыйныя каштоўнасці і сучасныя арыенціры ў развіцці культуры Міншчыны”
Наш край – сапраўдная скарбніца народных традыцый і абрадаў, якія старанна зберагаюць работнікі ўстаноў культуры. У тым упэўніліся ўдзельнікі рэспубліканскага семінару-практыкуму “Традыцыйныя каштоўнасці і сучасныя арыенціры ў развіцці культуры Міншчыны”.
Іх знаёмства з Любанскім раёнам пачалося з Тальскага СДК. Там уведалі пра працу нашых устаноў культуры, якія мерапрыемствы ладзяць яны для насельніцтва, як арганізавана гуртковая дзейнасць для розных катэгорый яго, а таксама як рэалізуецца праект “Народныя промыслы і рамёствы”. Пабачылі выставу аўтарскіх работ майстроў Любаншчыны.
З вялікай цікавасцю госці наведалі дзіцячую школу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Акунуліся ў тую непаўторную асаблівую атмасферу, дзе юныя любанчане далучаюцца да сваёй гістарычнай спадчыны, сваіх каранёў, спасцігаюць навыкі малявання, саломапляцення, вышывання, ганчарства і г.д.
Пабывалі ўдзельнікі семінару-практыкуму яшчэ ў музеі народнай славы, дзе жыве гісторыя, Сароцкім сельскім Доме культуры, што па выніках работы за мінулы год прызнаны лепшай клубнай установай вобласці. У Жораўскім доме хлеба ўвачавідкі паназіралі за працэсам падрыхтоўкі цеста, адчулі неверагодны водар і смак свежаспечаных боханаў, рэцэптамі якіх валодае Ірына Жудрык.
Завяршылася мерапрыемства прэзентацыяй дзейнасці раённага цэнтра культуры і вольнага часу. Фальклорны калектыў “Напарачка” запрасіў гасцей паўдзельнічаць у майстар-класы па народных танцах, а Сяргей Выскварка, загадчык арганізацыйна-творчага аддзела РЦК, – па завязванні намітак – традыцыйных жаночых галаўных убораў, што выклікала шмат станоўчых эмоцый. Потым увазе прысутных быў прадстаўлены канцэрт “Зямлі маёй прыгожы голас”. Сваёй творчасцю радавалі аўтэнтычныя фальклорныя гурты, лепшыя ансамблі і выканаўцы Любаншчыны, якія з’яўляюцца захавальнікамі і прадаўжальнікамі самабытных мясцовых традыцый.
Падсумоўваючы вынікі такой вандроўкі, прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур зазначылі, што духоўная, культурная, гістарычная спадчына на Любаншчыне вельмі багатая. І галоўнае яе тут шануюць, любяць, вывучаюць. За плён у гэтай справе былі ўзнагароджаны шэраг работнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Акрамя таго, дыпломам за развіццё і папулярыцыю тэатральнага майстэрства адзначаны Ала і Васіль Каткаўцы: споўнілася 35 год, як іх “Летуценнікі” атрымалі званне “ўзорнага” калектыву.









