У Палічыне вось ужо ў чацвёрты раз адбыўся знакаміты мясцовы кірмаш «Палічынскі край – мядовы рай»

Культура
23 августа 2023
199
У Палічыне вось ужо ў чацвёрты раз адбыўся знакаміты мясцовы кірмаш «Палічынскі край – мядовы рай»

Жнівень – той самы месяц, калі працавітым пчолкам дзякуюць за іх шчыраванне і ўшаноўваюць тых людей, хто нарыхтоўвае мёд. А таксама менавіта зараз прадстаўляецца цудоўная магчымасць набыць сабе гэты карысны прадукт!

Таму ў Палічыне вось ужо ў чацвёрты раз адбыўся знакаміты мясцовы кірмаш «Палічынскі край – мядовы рай», прыўрочаны да святаў Яблычнага і Мядовага Спасаў.

Мерапрыемства пачалося з прывітальнага слова настаяцеля прыхода храма Еўфрасінні Полацкай у аг. Сосны айца Спірыдона. Яму ж належала і ганаровае права асвяціць мёд і садавіну. Святар пажадаў усім прысутным, каб яны ў сваім жыцці ўмела спалучалі працу і адпачынак і каб жыццё заўсёды было ў радасць.

– А калі жыць з верай ў Бога, прытрымлівацца Божых запаведзяў і дбаць пра людзей, то кожны дзень будзе менавіта такім – светлым і плённым, – зазначыў бацюшка.

Арганізатары мерапрыемства паклапаціліся пра тое, каб цікава на свяце было ўсім: падрыхтавалі забавы для самых маленькіх і моладзі, палаткі з прысмакамі і сувенірамі, канцэртную праграму ад артыстаў Палічынскага і Соснаўскага-2 сельскіх дамоў культуры. Словам, вяселле можна было знайсці кожнаму – было б жаданне.

Галоўным жа «героем» дня стаў мёд: яго можна было і пакаштаваць, і пры жаданні набыць. Традыцыйна на кірмаш сабраліся пчаляры з розных куткоў Любанскага раёна. Трэба адзначыць, што нашая старонка багата на людзей, якія займаюцца гэтай справай. Сёлета мядовымі ласункамі частавалі ўсіх прысутных на свяце Аляксандр Ашуйка з Рэдкавічаў, Андрэй Лапцік з Падгалля і Іван Ажгірэвіч з Загалля. Пчаліныя гаспадары ахвотна распавядалі пра гаючыя ўласцівасці сонечнага прадукту, дзяліліся кулінарнымі і касметычнымі рэцэптамі. А перад гасцямі мерапрыемства стаяла няпростая задачка, як кажуць, з «зорачкай»: ім неабходна было падчас дэгустацыі вызначыць, чый жа пачастунак лепшы. У выніку пераможцам «мядовага» конкурсу стаў Іван Ажгірэвіч са сваімі дарамі з загальскіх палёў: дарэчы, ужо ў трэці раз!

Словам, весела было на свяце ў Палічыне і дарослым, і дзецям. Рабяты ласаваліся прысмакамі, выбіралі разам з мамамі і бабулямі розныя цацкі. Дарослыя ж атрымлівалі асалоду не толькі ад песень і папулярных музычных кампазіцый розных часоў, але і ад карыснага прадукту, які пчаляры прывезлі на дэгустацыю і продаж.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio