У Любанскай ДШІ адбыліся літаратурныя чытанні, прысвечаныя творчасці Уладзіміра Караткевіча

Культура
19 марта 2021
186
У Любанскай ДШІ адбыліся літаратурныя чытанні, прысвечаныя творчасці Уладзіміра Караткевіча

 

«Дзіця з вачыма празарліўца» – так называлася мерапрыемства, якое падрыхтавалі педагогі і навучэнцы тэатральнага аддзялення Любанскай дзіцячай школы мастацтваў. І было яно прысвечана творчасці паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, сцэнарыста Уладзіміра Караткевіча, якому ў лістападзе 2020 г. споўнілася б 90 год.


Жыццялюб, фантазёр, рамантык відушчы, класік пры жыцці, ён нёс кветку чыстай матчынай душы, якую адлюстраваў у сваіх творах, што займаюць асаблівае і ганаровае месца ў нацыянальнай літаратуры і карыстаюцца сапраўдным прызнаннем чытачоў. Яго раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», аповесці «Лісце каштанаў», «Дзікае паляванне караля Стаха», п’есы «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска», паэтычныя творы са зборнікаў «Быў, ёсць, буду», «Мая Іліяда» і інш. будуць жыць у вяках. Яны ўваходзяць у наша жыццё мудрымі дарадцамі і надзейнымі сябрамі, вучаць быць разумнымі і добрымі, мужнымі і спагадлівымі.


Арганізатары літаратурнага свята ўзялі незвычайны пласт творчасці – казкі, якія Уладзімір Сямёнавіч пісаў на працягу ўсяго свайго жыцця. У гэтым ён вельмі блізкі, па словах загадчыка тэатральнага аддзялення Васіля Каткаўца, да нашага пісьменніка, якога таксама называюць жыццялюбам з дзіцячымі вачыма, Івана Муравейкі: да апошняй хвіліны жыцця зямляк ствараў творы, у тым ліку і казкі, для маленькіх чытачоў. Нават прысвечаныя абодвум творцам зоркі на небасхіле знаходзяцца ў адным сузор’і – Шаляў. На жаль, нядаўна закончыўся зямны шлях Івана Андрэевіча, таму мерапрыемства ладзілася ў яго памяць.


І гучала са сцэны чыстае, прыгожае слова, часам трапяткое, шчырае ў выкананні вучняў 2-3 класаў тэатральнага аддзялення. Гучала пранікнёна пад беларускую музыку, пад гукі цымбалаў, дудачкі, іншых народных інструментаў. Уладзімір Караткевіч быў найперш сынам сваёй Бацькаўшчыны, таму мерапрыемства і пачалася з паэтычнага разважання аўтара, а таксама ўсіх прысутных «Дзе мой край?», з легенды, як Бог надзяліў беларусаў несусветнымі багаццямі: шчодрымі лясамі, чыстымі рэкамі, урадлівымі палямі, працавітымі людзьмі. Менавіта як наказ гучаць словы: «Любіце гэтую святую зямлю. Іншай вам не дадзена. Ды і не трэба».


Душэўна, сардэчна расказвалі юныя артысты казкі пра прыгожую дачку ляснога цара і жалейку пастухову, самаўпэўненага балотнага чорціка і жабак, шчанюка Куцьку і Аўтуха-дамоўніка, шыпшыну і ружу. Гледачы разам з зайцам варылі піва і былі ў начлезе, падслухалі, як размаўляюць звяры і птушкі, трымалі ў руках сноп у прыгожым залацістым халаце… І пасля кожнай гісторыі гучалі мудрыя падказкі вялікага мастака, яго ўрокі нашчадкам. Напрыклад, «Чалавек можа ўсё, калі наперадзе агонь надзеі», «Не рабі другому таго, што табе не міла», «Дзеці – усмешка божая, іх крыўдзіць нельга», «Нікому не давай наступіць табе на нагу. Хоць бы ён быў Богам» і іншыя.


Напрыканцы мерапрыемства да чытачоў з экрана звярнуўся мастак слова Уладзімір Караткевіч, які з удзячнасцю заявіў, што нічога не быў бы варты без зямлі беларускай, свайго народа. А мы, у сваю чаргу, дзякуюем яму за тое, што як ніхто іншы, расказаў нам пра Беларусь, навучыў не пагарджаць мінулым, любіць сваю радзіму, ганарыцца ёй. Таму з гордасцю можам сказаць: з намі быў, з намі ёсць, з намі будзе гэты таленавіты класік беларускай літаратуры.



pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio