У Любанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ўзнагародзілі пераможцаў сямейнага конкурсу «ЧытайФэст»
Гэтаму добрае пацвярджэнне той факт, што жыхары актыўна наведваюць бібліятэкі, і колькасць карыстальнікаў іх застаецца даволі высокай. Таму, бадай, садзейнічаюць і розныя мерапрыемствы па папулярызацыі літаратуры. Такое, напрыклад, як онлайн-конкурс «ЧытайФэст», праведзены ў рамках рэспублінскай акцыі «Мая сям’я – мая краіна» Любанскай раённай цэнтральнай бібліятэкай пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Па ўмовах было прапанавана зрабіць крэатыўныя сямейныя здымкі за чытаннем, падрыхтаваць да іх цікавыя подпісы і накіраваць арганізатарам.
Даслалі свае фота чатырнаццаць сем’яў, прычым не толькі з нашага раёна, а з Мінска, Смалявіч, Салігорска. Усіх запрасілі ў раённую бібліятэку, дзе галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Юлія Хацько і загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Святлана Баброўнік падзякавалі за ўдзел, інтарэс да чытання і ўручылі ўзнагароды. Пераможцамі «ЧытайФэсту» сталі сем’і Алены Шкрэблік з Малых Гарадзяціч, Алены Красій з аграгарадка Сосны 2 і Алены Міхнавец з вёскі Старыя Юрковічы. А за актыўны ўдзел у ранейшых конкурсах заахвочана Ганна Турчэня з Любані.
З віншаваннямі да прыхільнікаў чытання таксама звярнуліся прадстаўнікі Любанскага прадстаўніцтва «Белдзяржстраха» і раённага аддзела па надвычайных сітуацыях. А пасля супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі прысутных паўдзельнічаць у гульнёва-забаўляльнай праграме.

На галоўным фота: узнагароду за перамогу ў конкурсе атрымлівае сям'я Алены Міхнавец.









