У Любанскай дзіцячай школе мастацтваў прайшла вечарына «Жыццялюб з дзіцячаю душой»
Яна была прысвечана памяці пісьменніка Івана Муравейкі.
У зале панавала асаблівая атмасфера цеплыні і шчырасці. Загадчык тэатральнага аддзялення Васіль Каткавец узгадаў пра жыццёвы і творчы шлях Івана Андрэевіча, пра тое, што ён пакінуў пасля сябе багатую спадчыну як паэт і празаік, казачнік і публіцыст. Але, перш за ўсё, Іван Муравейка праявіў сябе яркім і цікавым дзіцячым пісьменнікам. Яго паэзія для маленькіх чытачоў багатая на розныя жанры. Найбольш жа наш зямляк любіў пісаць вершы. Цэлую нізку іх прысвяціў малой радзіме, адлюстраваў яе чароўную прыроду, маляўнічыя краявіды. А таксама расказваў пра захапленні дзяцей, прывіваў маленькім чытачам лепшыя чалавечыя якасці. Іван Андрэевіч прыкмячаў неверагоднае ў самым, здавалася б, звычайным і звыклым.
Шэраг твораў яго прагучала на мерапрыемстве. Іх дэкламавалі навучэнцы тэатральнага аддзялення – юныя аматары паэтычнага слова. У прачытанні дзяцей вершы гучалі асабліва шчыра, пранікнёна і натхнёна. Без сумнення, яны закранулі патаемныя струны душы ўсіх прысутных. Не без хвалявання іх слухала і дачка паэта Святлана. Расчуленая і ўзрушаная, яна не хавала слёз тугі ад таго, што няма ўжо любага чалавека, і вялікай радасці, так як памяць жывая і зорка яго ярка гарыць на літаратурным небасхіле і ў сэрцах землякоў.
Яшчэ адным пацверджаннем таму стаў і верш-прысвячэнне, які прачытаў супрацоўнік музея народнай славы Сяргей Квіткевіч. Дзіцячы хор школы мастацтваў выканаў прыгожую песню на словы Івана Муравейкі. А юныя мастакі падрыхтавалі выставу малюнкаў па яго творах.









