У Любанскай дзіцячай школе мастацтваў дзейнічае выстава работ Васіля Бурава
Дарэчы, ужо неўпершыню. Да гэтага двойчы прадстаўляў Васіль Фёдаравіч свае
карціны ў нашым раёне. І, як прызнаўся мастак, кожны раз з асаблівым пачуццём.
А ўсё таму, што частка жыцця яго прайшла менавіта на Любаншчыне. Бацьку
накіравалі на працу галоўным заатэхнікам у саўгас «Гарадзяцічы», і сям’я
пераехала сюды. Васілю на той час споўнілася шэсць гадкоў. І тут прайшло яго
дзяцінства. Першыя поспехі, першае каханне, першыя душэўныя перажыванні – усё
гэта было ў Малых Гарадзяцічах. З імі ў
Васіля Фёдаравіча звязаны ўсе самыя лепшыя ўспаміны юнацтва. Напэўна, таму і
мясцовасць гэту лічыць сваёй малой радзімай.

Тут у яго і выявілася схільнасць да малявання. Афармляў насценную газету,
рыхтаваў малюнкі для розных творчых конкурсаў. Атрымліваў асалоду ад такой
дзейнасці.
Але ўспрымаў яе толькі як занятак для вольнага часу і ніяк не прафесійны.
Пасля заканчэння Малагарадзячыцкай школы адслужыў у арміі ў Закаўказскай
ваеннай акрузе. Потым уладкаваўся на сталічны станкабудаўнічы завод. Неўзабаве
сустрэў сваю адзіную. З ёй і пераехаў у Маладзечна, дзе жыве і зараз. Больш за
чвэрць стагоддзя рабіў на заводзе парашковай металургіі, маляром ва ўпраўленні
буравых работ ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь». Ужо ў сталым узросце Васіль
Бураў саспеў для таго, каб паступіць у вну. Свой выбар спыніў на аддзяленні станковага
жывапісу і графікі Маскоўскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. «Атрымаў не
толькі адукацыю, а і нейкую ўпэўненасць, узбагаціўся духоўна», – зазначыў
Васіль Фёдаравіч.

Да слова, апошнія тры гады ён ужо не працуе. Займаецца з унучкамі, абуладкоўвае
бацькоўскі дом на Вілейшчыне. А астатні
час прысвячае творчасці. «Найвальнейшы мастак» – так называе сябе Васіль Бураў.
Ён малюе алейнымі фарбамі для душы. І карціны з’яўляюцца яе адгалоскамі.
Іх, дарэчы, на рахунку творцы звыш 700. Некаторыя набыты аматарамі жывапісу, у тым ліку і замежнымі, для
прыватных калекцый. Сем работ Васіль Фёдаравіч падарыў Любанскаму музею народнай славы. На адной з
іх – наш зямляк Анатоль Шагаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, арганізатар
і кіраўнік шматлікіх харавых калектываў.

«А ўвогуле тэматыка карцін Бурава разнастайная, – распавёў падчас адкрыцця яго персанальнай
выставы ў ДШМ, да слова, 46-й па ліку, загадчык тэатральнага аддзялення Васіль Каткавец. – Раней у асноўным маляваў
пейзажы, партрэты, бытавыя сюжэты. Цяпер аддае перавагу філасофскаму накірунку,
адлюстроўвае фантастычныя і сюрэалістычныя вобразы. Гэта яго асмысленне
рэчаіснасці, унутраныя перажыванні і г.д. Разглядваючы іх, кожны ўяўляе для
сябе нешта сваё. Работы выклікаюць жывы інтарэс, прыцягваюць яркімі насычанымі
фарбамі, а таксама неардынарнасцю, прымушаюць думаць, разважаць».

На чарговую выставу Васіль Фёдаравіч прадставіў звыш 40 карцін. І расказаў
прысутным навучэнцам і педагогам пра сюжэт кожнай, гісторыю напісання. Цікава,
што на стварэнне некаторых натхнілі ўспаміны пра гады жыцця на Любаншчыне. Напрыклад, гераіняй «Збаўлення ад хвароб»
стала мясцовая знахарка. У яго дзяцінстве тая жанчына замаўляла хлеб і ваду ад
немачы, лячыла малых вяскоўцаў ад спалоху ды заікання. Работа «Баб’е лета»
з’явілася пасля таго, як Бураў пабываў на 30-гадовай сустрэчы выпускнікоў. Так
сталася, што пасля заканчэння школы ён болей не прыязджаў у Гарадзяцічы, не
бачыўся з аднакласнікамі. Але, калі завітаў на мерапрыемства, практычна ўсіх
адразу пазнаў. За выключэннем адной жанчыны. Вось яе, вярнуўшыся дамоў, і
намаляваў. Праўда своеасабліва: палова твару напоўнена маладосцю, а на другой
відаць адбітак часу. Некаторыя з маляўнічых пейзажаў таксама навеяны памяццю.
Яны кранаюць сэрца.

Пра сваю творчасць самадзейны мастак гаварыў і на майстар-класе з
навучэнцамі мастацкага аддзялення. Падзяліўся з імі некаторымі сакрэтамі, даў
рэкамендацыі, як выбіраць фарбы і інш. А таксама адказаў на пытанні рабят і
пажадаў юным творцам руплівасці, натхнення, мэтанакіраванасці.
P.S. Наведаць выставу работ Васіля Бурава ў школе мастацтваў могуць усе жадаючыя. Працаваць яна будзе да канца студзеня.









