У Любанскай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся традыцыйны справаздачны канцэрт

Культура
31 мая 2021
219
У Любанскай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся традыцыйны справаздачны канцэрт

На сцэне перад гледачамі – бацькамі, бабулямі і дзядулямі, іншымі гасцямі – выступалі навучэнцы і педагогі. Падводзілі творчыя вынікі чарговага вучэбнага года. Для кагосьці з рабят першага, а для выпускнікоў – апошняга. У гэты дзень усе самыя цёплыя і шчырыя пажаданні адрасаваліся найперш менавіта ім. З заканчэннем школы мастацтваў юнакоў і дзяўчат павіншавалі дырэктар установы Васіль Стэльмах і намеснік яго Марына Кубец. Пажадалі поспехаў і ўдачы на далейшым шляху, уручылі пасведчанні аб дадатковай адукацыі, а некаторым рабятам – граматы за выдатныя вынікі ў вучобе і актыўны ўдзел у выставах, фестывалях, школьных і раённых мерапрыемствах. У сваю чаргу бацькі выпускніц музычнага аддзялення  па класе фартэпіяна Дар’і Вярынскай і Дар’і Дадака, неаднаразовых пераможцаў розных конкурсаў, выказалі падзяку настаўнікам за іх працу і цярпенне, за веды і любоў да творчасці, якія яны перадалі вучням і якія, безумоўна, спатрэбяцца дзецям у жыцці.

Акрамя музыкаў і тэтралаў, якія завяршылі навучанне, сваімі яркімі творчымі нумарамі парадавалі прысутных і іншыя юныя артысты, якія яшчэ прадоўжаць захапляльную вандроўку ў чароўны і шматгранны свет мастацтва. Свае здабыткі дэманстравалі ўдзельнікі ансамбля цымбалістаў “Усмешка”, узорнага дзіцячага тэатральнага калектыву “Летуценнікі”, харэаграфічнага калектыву “Тропы”, вучні музычнага аддзялення, дыпламанты конкурсаў Анастасія Стружко, Яўген Рэут і іншыя. Кожнае выступленне ўражвала сваёй адметнасцю, арыгінальнасцю і непаўторнасцю, высокім узроўнем выканальніцкага майстэрства.

“Навучальны год быў насычаны значнымі падзеямі ў творчым жыцці школы мастацтваў. Нашы рабяты і настаўнікі вялі актыўную канцэртную і выставачную дзейнасць, атрымалі шмат узнагарод рознага ўзроўню – на фестывалях тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”, харэаграфічнай “Хрустальный башмачок”, інструментальнай музыкі “Снегавік” і г.д., – падсумаваў вынікі Васіль Стэльмах. І адзначыў самых плённых граматамі, а некаторых татаў і мам – Падзячнымі лістамі за належнае выхаванне дзяцей і дапамогу ўстанове адукацыі.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio