У Любанскай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся спектакль узорнага калектыву «Летуценнікі»
35 гадоў - менавіта столькі прайшло з моманту атрымання звання “ўзорнага” тэатрам “Летуценнікі” Любанскай дзіцячай школы мастацтваў. І адзначыў ён знамянальную дату музычным блазнаваннем на беларускі лад пра воўка і казлянят Петруся Макаля “Адчыніце, казляняткі!”. Менавіта за гэты спектакль у свой час і ўдастоены такой узнагароды. Дарэчы, у ліку першых сярод аматарскіх калектываў нашага раёна.

Гісторыя ж тэатра пачалася ў 1982 г., калі па ініцыятыве маладых спецыялістаў Васіля і Алы Каткавец на базе Сароцкай установы культуры быў створаны дзіцячы калектыў “Фантазія”. Апантаныя педагогі з мясцовымі рабятамі на сцэне ставілі разнастайныя творы. Юныя тэатралы адчувалі сябе сапраўднымі артыстамі, ездзілі на гастролі ў суседнія раёны, паспяхова ўдзельнічалі ў конкурсах рознага ўзроўню.

У 1987-м “Фантазія” перайменавана ў “Летуценнікі”. І неўзабаве калектыву было прысвоена ганаровае званне, якое стала пацверджаннем высокага майстэрства, таленту юных акцёраў і выкладчыкаў, вынікам іх карпатлівай працы, бясконцых рэпетыцый, нястомнага адточвання тэхнікі выканання.
Пасля было яшчэ шмат узнагарод, рэалізавана мноства цікавых ідэй і задумак…

За мінулы час праз творчы калектыў прайшло нямала юных любанчан. Зараз ужо наведваюць яго дзеці некаторых былых удзельнікаў. У прыватнасці, у спектаклі “Адчыніце, казляняткі!” цудоўна выканала ролю аднаго з казляняткаў Ганначка Рымашэўская, матуля якой раней таксама наведвала тэатр.
Увогуле ўдалыя сцэнічныя вобразы, декарацыі, касцюмы і выдатная ігра юных акцёраў падарылі многа станоўчых уражанняў і яркіх эмоцый гледачам. Сярод іх, да слова, былі і тыя, хто калісь удзельнічаў у гэтай жа пастаноўцы. Людміла Сініцкая, Таццяна Трубчык (цяпер працуюць на ніве адукацыі), Ігар Мурленка (дырэктар раённага Цэнтра культуры) падзяліліся дарагімі сэрцу ўспамінамі, падзякавалі Але Валянцінаўне і Васілю Сцяпанавічу за іх плён, за тое, што на працягу ўжо чатырох дзесяцігоддзяў раскрываюць у дзяцей творчы патэнцыял, развіваюць у іх мастацкі густ, выхоўваюць пачуццё прыгожага. І самае важнае – вучаць быць добрымі людзьмі, шчырымі, сумленнымі ў любой справе.

Цёплыя словы ў адрас “Летуценнікаў” прагучалі і ад адміністрацыі ДШМ. Ім пажадалі і далей годна несці званне ўзорнага калектыву, прыносіць асалоду сваімі цікавымі пастаноўкамі і папаўняць скарбонку творчых дасягненняў новымі перамогамі.









