Тут не бывае дрэнных канцэртаў

Культура
21 февраля 2019
208
Тут не бывае дрэнных канцэртаў
 
Лепшай установай культуры па выніках работы за мінулы год прызнаны Забалацкі СДК. Такое званне Дом культуры атрымлівае ўжо другі раз: дагэтуль культработнікі з Забалаці станавіліся лепшымі ў 2014 годзе.

 

Дырэктар установы Алена Галадок сцвярджае, што высокіх паказчыкаў у рабоце яны дасягаюць дзякуючы зладжанай працы калектыву, дысцыплінаванасці і адказнасці кожнага. Акрамя Алены Аляксандраўны, у Доме культуры працуюць таксама мастацкі кіраўнік Ірына Караліс і загадчык лабараторыі вольнага часу Настасся Караліс.

План платных паслуг Забалацкі СДК цалкам выконвае сваімі канцэртамі. На Новы год тут заўжды тэатралізаванае прадстаўленне, вялікія праграмы рыхтуюцца да 8 Сакавіка, Дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Прычым гэтыя канцэрты дубліруюцца таксама і ў Смольгаве. Дарэчы, як зазначае Алена Аляксандраўна, у тых населеных пунктах, дзе сельскія клубы ўжо не дзейнічаюць, на канцэрты заўжды збіраецца вельмі шмат людзей. Трэба адзначыць, што работнікі культуры ў цесным тандэме працуюць з усімі мясцовымі арганізацыямі і структурамі: з Юшкавіцкім сельсаветам, Забалацкім дзіцячым садам – сярэдняй школай; з ААТ «Забалацкі», якое з’яўляецца пастаянным спонсарам культурных мерапрыемстваў, за што калектыў СДК выказвае шчырую падзяку кіраўніку гаспадаркі.

У Доме культуры маецца восем гурткоў і два аматарскія аб’яднанні. Самымі вядомымі калектывамі СДК з’яўляюцца ўзорны фальклорны ансамбль «Нашчадкі» і вакальны гурт «Сяброўкі».

– Нашы «Сяброўкі» вельмі мабільныя, – расказвае Алена Галадок. – У рэпертуары калектыву шмат песень, і, калі трэба, мы можам літаральна за дзень сабрацца і арганізаваць двухгадзінны канцэрт. І не проста канцэрт – а якасны. Глядач сёння не хоча прыйсці ў халодны клуб з паламанай мэбляй і пагля-дзець хоць бы на што – абы паказалі. Не, трэба, каб і крэслы былі зручнымі і прыгожымі (а такія з’явіліся ў Забалаці ў мінулым годзе). І выступленні павінны быць добрага ўзроўню. Сёння ў многім дзякуючы тэлебачанню і інтэрнэту не трэба мець спецыяльнай адукацыі, каб убачыць, калі артысты спяваюць хораша, а калі не.

Зрэшты, дрэнных выступленняў у забалатцаў не бывае. Як сцвярджае дырэктар установы, у гэтым вялікая заслуга мастацкага кіраўніка: Ірына Уладзіміраўна да сваёй справы ставіцца надта скрупулёзна і проста не можа выпусціць на сцэну чалавека, які штосьці недавучыў ці недацягнуў.

Калі ў забалацкіх школьнікаў ёсць вольны час, яны таксама з задавальненнем наведваюць Дом культуры; працуе з рабятамі ў асноўным Настасся Караліс. Дзеці старэйшага ўзросту штотыдзень збіраюцца, каб пагуляць у папулярную настольную псіхалагічную гульню «Мафія», для малодшых ёсць «Куралісы», а таксама больш рухомыя «Джэнга», «Твістар»  – іншымі словамі, хапае забаў і для рабят любога ўзросту.

 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio