«Сланечнікі» і «Ай да сланечнікі!»: знайдзіце адрозненні
Земляк нарадзіўся ў 1948 годзе. Праз тры гады сям’я хлопчыка пакінула вёску Закальное і пераехала ў сяло Глазуноўка Уйскага раёна Чалябінскай вобласці. Там прайшло яго дзяцінства. На Урале мастак і застаўся жыць, ён пусціў карані ў горадзе Пярмі. Аднак ніколі не забываў пра сваю малую радзіму. І кожны год прыязджаў на Любаншчыну. Падчас такіх візітаў Сяргей Аляксандравіч сяліўся ў доме сваёй бабулі і пісаў карціны: пейзажы, нацюрморты, партрэты.

Майстар ствараў у своеасаблівай манеры – густа накладаў на палатно мазок за мазком. Шырыня душы Мікуліча, казалі крытыкі, не дазваляе яму працаваць па-іншаму. Пры гэтым работы мастака не пазбаўлены рэалістычнасці. Дастаткова крыху аддаліцца ад карціны, і яна нібы ажывае. Творчае крэда земляка: пішу сэрцам. Не дзіўна, што ён адчуваў настрой таго, што адлюстроўваў. І перадаваў на палатне. Гэта яскрава відаць на прыкладзе твораў «Сланечнікі» і «Ай да сланечнікі». На першы погляд яны аднолькавыя, аднак пры больш дэталёвым вывучэнні розніца становіцца відавочнай.
Жывапісец аднойчы задумаў стварыць манументальнае палатно пад назвай «Лён». Шэраг эцюдаў да яго ён напісаў у вёсцы Закальное. Пяць з іх можна ўбачыць на выставе. Незлічонкую колькасць работ аўтар прысвяціў уральскай прыродзе. Асабліва часта з-пад яго кісці выходзілі зімовыя пейзажы.

Мастак прызнаваўся, што вельмі любіць працаваць над партрэтам. Асабліва яго прыцягвалі пажылыя людзі, на тварах і ў вачах якіх адлюстроўваецца перажытае. Аўтар з натуры напісаў на адну сотню партрэтаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. На выставе таксама можна ўбачыць некалькі партрэтаў, мадэлямі для якіх паслужылі жыхары вёскі Закальное.
Сяргей Аляксандравіч ахвотна працаваў і над скульптурай. У пастаяннай экспазіцыі музея ёсць драўляная скульптура дзеда творцы – Паўла Васільевіча Грынюка, які быў сувязным партызанскага атрада і загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Такім чынам аўтар увекавечыў яго памяць.
У фондах Любанскага музея народнай славы захоўваецца 65 работ мастака. Першыя з іх зямляк перадаў яшчэ ў 80-я гады, апошнія адзінаццаць – незадоўга да таго, як перастала біцца яго сэрца. Не стала Сяргея Мікуліча 17 лістапада 2012 года.









