Раённае свята паэзіі і песні «Я словам слаўлю родны край» прайшло 27 жніўня

Культура
28 августа 2023
486
Раённае свята паэзіі і песні «Я словам слаўлю родны край» прайшло 27 жніўня

Наш край – невычэрпная крыніца духоўнага багацця, скарбніца сапраўдных талентаў. Гэта кожны раз пацвярджае раённае свята паэзіі і песні “Я словам слаўлю родны край”.

У мінулую нядзелю раённай бібліятэкай яно ладзілася ўжо ў восьмы раз і сабрала сапраўдных прыхільнікаў роднага слова, малых і дарослых. Вітаючы іх, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Аляксеева акцэнтавала ўвагу, што сёлета мерапрыемства прымеркавана да 90-годдзя выхаду ў свет знакамітай паэмы Я. Купалы “Над ракой Арэсай”. І нездарма яно праводзіцца менавіта ў Камуне, яе класік душэўна апеў у творы. А таксама ўсхваліў працавітасць, самаадданасць, веру ў будучае простых людзей, якія за кароткі час зрабілі вялікую справу. А сёння, зазначыла Таццяна Мікалаеўна, наша чарга ўслаўляць купалава слова.

І яно было лейтматывам усяго свята, гучала прыгожа, спеўна, сакавіта. Творчыя калектывы і артысты ў шматлікіх музычных кампазіцыях  успявалі Бацькаўшчыну і выклікалі самыя цёплыя пачуцці ў прысутных. Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Жывіца” раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Івана Муравейкі натхнёна цытавалі радкі той самай паэмы. У працяг госці з суседняга раёна, дзе бярэ пачатак красуня Арэса, удзельнікі клуба народных паэтаў Старадарожчыны “Арэскія вытокі”, падзяліліся сваім талентам. У вершаваных радках распавялі пра маляўнічыя краявіды роднай старонкі, яе слаўнае мінулае, руплівых землякоў.

У нас таксама шмат падстаў для гонару. Раён мае багатую спадчыну, якая адлюстравана ў кнізе “Любаншчына на гісторыка-культурнай карце Беларусі”, што нядаўна выдадзена ў выдавецтве “Беларуская навука”. Яе прэзентавалі ўкладальнікі дырэктар музея народнай славы Наталля Сіняк, выконваючы абавязкі дырэктара Любанскага РЦК Сяргей Выскварка, нястомны краявед Анатоль Вялічка: успомнілі значныя падзеі, а таксама слаўных сыноў і дачок, узгадаваных у нашым краі, сярод якіх такія адметныя, як Уладзіслаў Сыракомля, Павел Шпілеўскі, Іван Муравейка, Ніна Маеўская, Уладзімір Паўлаў…

А сёння іх справу працягваюць іншыя землякі, самадзейныя паэты. Многія з іх падзяліліся сваімі творчымі набыткамі падчас конкурсу чытальнікаў, які стаў цэнтральнай дзеяй свята. Удзельнікі ад 6 гадоў і старэйшыя дэкламавалі як уласныя творы, так і вядомых паэтаў – класікаў і сучасных. Яны гучалі шчыра і пранікнёна. І ўзрушылі і прысутных, і журы ў складзе Таццяны Аляксеевай, загадчыка тэатральнага аддзялення школы мастацтваў Васіля Каткаўца, настаўніцы гарадской СШ №3 Галіны Слівец. Ім было складана, тым не менш вызначылі пераможцаў у розных узроставых катэгорыях: Суман Бердзіеву, Данііла Ашуйку, Яніну Белавус, Зінаіду Майсяеню, Марыю Булацкую. Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў самы юны чытальнік – Цімафей Мігун.

Пасля ўшанавання  іх Таццяна Мікалаеўна падзякавала ўсім за любоў да роднага слова. А Васіль Каткавец перадаў прывітанне і паклон ад зямлячкі – пісьменніцы Лідзіі Савік – людзям, якія шануюць і працягваюць традыцыі Купалы.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio