Прайшла вечарына памяці да 80-годдзя з дня нараджэння Івана Раманчука
“Я даўно ведаю, што наш першаасноўны, святы абавязак – любіць родную зямлю і верна служыць ёй. Як у вершы Петруся Броўкі: “Увесь, як ёсць, да кроплі сілы, бацькам, цябе што нарадзілі, у дзень пагодны і ў навалу, зямлі, цябе што ўзгадавала, будзь верны”, – казаў наш зямляк Іван Раманчук. І гэтыя словы былі яго дэвізам па жыцці, працягам якому засталіся шматлікія творы.
Многія з іх гучалі на вечарыне памяці да 80-годдзя з дня нараджэння Івана Мікалаевіча. Дзея пачалася ў музеі “Любаншчына літаратурная” трэцяй гарадской адзінаццацігодкі, дзе намаганнямі супрацоўнікаў музея народнай славы была аформлена цудоўная фотавыстава пра жыццёвы і творчы шлях ураджэнца Ямінска. А ўспомніць яго сабраліся паплечнікі, сябры-аднадумцы, землякі, якія ведалі Раманчука, цікавіліся яго творчасцю. Васіль Каткавец, Анатоль Вялічка, паэтэса Вера Буланда ўзгадвалі яго, як чалавека шчырай, узнёслай, адкрытай душы, які зрабіў немалы ўнёсак ў культурную спадчыну. Іван Раманчук, падкрэслівалі выступоўцы, з’яўляўся яркім прадстаўніком кагорты творцаў, таленавітым майстрам слова і музыкай, вершы і песні якога напісаны жывой непаўторнай мовай. Нізку іх пранікнёна прадэкламавалі васьмікласнікі СШ №3 і душэўна выканалі ансамблі “Мінскі гармонік” (пад кіраўніцтвам Івана Катовіча) і “Любанскі гармонік” (пад кір. Сяргея Конухава), стваральнікам якіх быў у свой час наш зямляк. А бібліятэкар Галіна Шынкарэнка прэзентавала зборнік Івана Раманчука “Святло матулі”, што складаецца з твораў, прасякнутых глыбокай любоўю да Бацькаўшчыны, родных людзей.
Потым удзельнікі сустрэчы пабывалі ў в. Ямінск, на малой радзіме творцы,наведалі яго магілу і ўсклалі кветкі. Прадоўжылі ўшанаванне ў гарадскім парку культуры і адпачынку. А фінальным акордам стала гасцёўня ў Сароцкім Доме культуры, дзе на працягу некалькіх гадзін не змаўкалі песні Iвана Мікалаевіча, яго радасць і боль. Палітра твораў музыканта вялікая, шматжанравая: ад фальклорных матываў да эстрады. І ў кожным – душа аўтара. І яна, без сумнення, застанецца жывой, пакуль гучаць яркія музычныя кампазіцыі ў выкананні аматарскіх і прафесійных калектываў і артыстаў.









