Прадстаўнікі сферы культуры Любаншчыны прынялі ўдзел у рэспубліканскім гістарычным фестывалі ў Нясвіжы

Культура
18 августа 2021
176
Прадстаўнікі сферы культуры Любаншчыны прынялі ўдзел у рэспубліканскім гістарычным фестывалі ў Нясвіжы

«Нясвіжская фартэцыя»  прайшла на тэрыторыі Англійскага парка ў Радзівілаўскім замку. Удзельнікі і госці акунуліся ў атмасферу эпохі Сярэднявечча, уведалі пра найбольш значныя падзеі мінуўшчыны, у прыватнасці, ваенныя кампаніі, паназіралі за паядынкамі лучнікаў, рыцарскім турнірам, манёўрамі войскаў, пазнаёміліся з побытам продкаў.


А на рамесным кірмашы можна было набыць розныя рэчы ручной работы, упрыгожванні з гліны, саломкі, бісеру, іншых матэрыялаў. Усе жадаючыя таксама маглі паўдзельнічаць у майстар-класах па ганчарстве, разьбе па дрэве, ткацтве і нават па хлебапячэнні. Яго сакрэтамі падзяліліся майстрыхі з жораўскага аматарскага аб’яднання “Кулітка” і клуба народнай кухні Кузьміцкага сельскага Дома культуры. Іх выстава-дэгустацыя “Хлеб – жыцця аснова” сабрала шмат малых і вялікіх гледачоў. З вялікім задавальненнем яны каштавалі кавалкі ад свежых духмяных боханаў, якія выпякаліся па старадаўнім рэцэпце. Акрамя таго, нашы гаспадыні прадэманстравалі абрад радзін і прапанавалі гасцям свята пачаставацца стравамі, што традыцыйна рыхтаваліся да такой сямейнай падзеі, паслухаць прыгожыя хрэсьбінныя песні.

Завяршыўся фестываль “Балем у Радзівілаў”. У двары Нясвіжскага замка пад гукі “Паланэза” і іншых танцаў Сярэднявечча кружыліся пары ў шыкоўных убраннях. Яны прадстаўлялі найбольш знатныя шляхецкія роды. Так, любанчане Дзяніс Драбудзька і Дзіяна Прахарэнка выступілі ў ролі двараніна Альбіна Сцяцкевіча і яго жонкі Альжбеты з маёнтка Альбінск Ляскавіцкай воласці Бабруйскага ўезда Мінскай губерні.


Па словах удзельнікаў, яны атрымалі сапраўдную асалоду для душы і быццам здзейснілі вандроўку ў часе.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio