Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула» 21 верасня збірае гасцей на свята
Фэст адкрые чараду сустрэч на Суле, прысвечаных культурнай спадчыне народаў, якія традыцыйна насяляюць нашу зямлю поруч з беларусамі.
Невялікае музычна-танцавальнае свята будзе прысвечана беларуска-польскім традыцыям, якія на працягу стагоддзяў існавалі на нашых землях.
Госці фэсту ўбачаць польскія і беларускія танцы, пачуюць сучасныя і старадаўнія песні, а таксама атрымаюць магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах.
На свяце можна будзе акунуцца ў атмасферу жывой беларускай і польскай мовы, пакаштаваць традыцыйныя стравы абодвух народаў.
У Калегіуме з духоўнымі спевамі выступіць хор польскай песні, пройдзе таксама мініканцэрт на фісгармоніі XIX стагоддзя ад пана Тадэвуша.
Сваёй творчасцю падзеляцца калектывы «CantusCordis», «Маёвы Квят», «Карагод» ды іншыя.
Стварыць атмасферу старадаўняй польска-беларускай шляхецкай культуры дапамогуць удзельнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі ды тэатральных суполак.
На шляхецкай пляцоўцы падчас імпрэзы госці змогуць не проста ўбачыць строі ды зброю мінулых эпох, але ж і дакрануцца да жывой гісторыі, стаўшы ўдзельнікамі майстар-класаў па валоданні польскай шабляй ды гледачамі сапраўдных міні-спектакляў.









