Пакінуў памяць і на Любанскай зямлі
Для Міхаіла Якаўлевіча было важна, каб айчыннае мастацтва развівалася, але
пры гэтым захавалася яго самабытнасць,
нацыянальныя традыцыі. Нездарма дзякуючы шматлікім праектам, натхняльнікам якіх
быў маэстра, з’явілася нямала шчырых прыхільнікаў беларускай музыкі. Намаганнямі
аркестра вернуты з забыцця цэлы шэраг малавядомых і зусім невядомых твораў, а
таксама ўстаноўлены імёны іх аўтараў, якія нарадзіліся, жылі, стваралі на нашай
зямлі.
Зацікавілі Фінберга і вытокі беларускай музыкі, якія нарадзіліся на
Любаншчыне. І пры падтрымцы кіраўніцтва абласнога і раённага выканаўчых
камітэтаў ён заснаваў новы фестываль: у 2013-м у нас прайшло першае абласное
свята мастацтваў “Палескія сустрэчы”. Гэта культурна-асветніцкі праект, які
рэалізаваны з тым, каб прынесці асалоду аматарам і знаўцам айчыннага мастацтва,
значна пашырыць веды пра яго, адкрыць новыя далягляды для таленавітай моладзі. Безумоўна,
любанчане памятаюць гэтыя маштабныя фэсты, якія чатыры разы ладзіліся ў нас (у
2013, 2014, 2016 і 2018, летась не дазволіла правесці неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя).
Першы быў прымеркаваны да 190-й гадавіны з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі
і Паўла Шпілеўскага, другі – да 90-годдзя стварэння нашага раёна, 70-годдзя
вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 55-годдзя адкрыцця дзіцячай школы мастацтваў і
інш. У межах кожнага з фестываляў былі праведзены не толькі канцэрты з удзелам
пачынаючых артыстаў і зорак беларускай эстрады, а і цікавыя сустрэчы,
майстар-класы, выставы, прэзентацыі кніг Вольгі Дадзіёмавай “Музычныя промні
Любані ў залатым коле Міншчыны”. Гучалі родная мова і лепшыя творы выключна ў
жывым выкананні. Мерапрыемствы сталі яркім сведчаннем, таго, што наш край слаўны не толькі працоўнымі і ратнымі подзвігамі, а і багатай
паэтычнай, музычнай, мастацкай спадчынай.
Як казаў сам кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі:
“Мы ладзім гэта для простых людзей, каб у іх быў цудоўны настрой, каб яны больш
любілі нашу краіну”.
Дзякуючы “Палескім сустрэчам” Любаншчына заіграла новымі яркімі фарбамі на
музычнай карце вобласці ды, бадай, і краіны. І, канешне, хочацца, каб гэты
праект і далей жыў, дарыў добрыя ўражанні жыхарам, аматарам творчасці, адкрываў
таямнічыя старонкі мастацтва і новыя
імёны, нагадваў пра вялікага творцу, ганаровага грамадзяніна Міншчыны, чалавека,
што цалкам аддаваў сябе справе, якой займаўся, бязмежна ўлюбёнага ў
Бацькаўшчыну.









