На святкаванне Купалля ў парк культуры і адпачынку завітала шмат любанчан
Нашы продкі верылі, што вада на Іванаву ноч (з 6 на 7 ліпеня) з’яўляецца гаючай, валодае магічнай сілай, якая дапамагае ачысціцца ад усякага зла.

Менавіта таму наведвальнікам
парка культуры і адпачынку горада Любані ўвечары на Купалле прапанавалі абмыць
рукі вадой. І, варта сказаць, ніхто не адмаўляў.

Нямала гледачоў сабраў канцэрт.
Удзел у ім прынялі не толькі мясцовыя артысты. Павіншаваць любанчан прыехаў
калектыў «Светач» з аграгарадка Вясея Слуцкага раёна.

У той вечар у парку пелі, танцавалі, варажылі, вадзілі карагоды, скакалі праз зялёнае «вогнішча» (кучу крапівы, лісты якой, як языкі полымя, таксама кусаюцца). Не абышлося і без варажбы: дзяўчаты прадказвалі імёны сваіх каханых. На зыходзе свята запалілі пудзіла. А вось папараць-кветку (іх было дзве) знайшлі дзяўчынкі: адну – Паліна Валчок, а другую – Злата Чавіч. Яны атрымалі падарункі. Як, дарэчы, і Алена Лакідон, якая 6 ліпеня адзначала Дзень нарджэння.











