Любанскі раён на гэтым тыдні прыме тэатральны фестываль
Слоганам да яго, як паведаміў загадчык тэатральнага аддзялення Любанскай ДШМ Васіль Каткавец, на гэты раз абраны вядомыя словы Уладзіміра Караткевіча: «Калі кожны чалавек зробіць другому маленькае дзіва, то свет стане светам дзіваў».
Удзел у фестывалі прымуць каля 15 тэатраў, якія прапануюць увазе шмат спектакляў, у тым ліку па творах айчынных аўтараў. Гэта і «Калядныя прыгоды Кубліцкага і Заблоцкага» Пятра Васючэнкі, «Прыгоды трох парасят» Ніны Мацяш, «Вясёлы звярынец» Уладзіміра Ягоўдзіка і іншыя. Узорны тэатр «Летуценнікі» Любанскай дзіцячай школы мастацтваў падрыхтаваў пастаноўку «Адчыніце, казляняткі» па п’есе Петруся Макаля.
Выступленні будуць праходзіць на сцэнічных пляцоўках Сароцкага СДК, раённага Цэнтра культуры, Любанскай дзіцячай школы мастацтваў.
Увогуле праграма фестывалю вельмі насычаная. Плануецца шмат цікавых сустрэч, а таксама конкурс паэтычных твораў Уладзіміра Караткевіча.










