Любанская школа мастацтваў у мінулую суботу стала адной са сцэнічных пляцовак для правядзення новага фестывалю “Вектар”
І сімвалічна, што старт яму дадзены менавіта ў нас.




Як зазначыла ў прывітальным слове начальнік аддзела ідэалагічнай рвботы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Аляксеева, наш раён багаты на творчыя праекты, на таленты, на сяброў і, канешне, на вопыт, якім гатовы дзяліцца. На Любаншчыне захоўваюцца традыцыі, лепшыя каштоўнасці і ўвасабляюцца ў творчасці калектываў. Сярод іх адметнае месца належыць якраз узорнаму дзіцячаму тэатру “Летуценнікі”, на рахунку якога шмат цудоўных работ і перамог у розных конкурсах. А педагогі тэатральнага аддзялення ДШМ валодаюць грунтоўнымі навыкамі, умела далучаюць рабят да прыгажосці мастацтва, эстэтыкі, гармоніі і творчасці.




“У добры шлях, фестываль!”, – зычыла Таццяна Мікалаеўна. І гэта пажаданне падхапіў старшыня савета дырэктараў устаноў адукацыі ў сферы культуры, кіраўнік фестываля, дырэктар Салігорскай ДШМ Алег Шчэрбаў. Ён з упэўненасцю сказаў, што ў будучыні “Вектар-Т” стане маштабнай падзеяй на творчым небасхіле не толькі Міншчыны. А галоўная задача яго – актывізаваць дзейнасць тэатральнага накірунку, даць яму новае дыханне.


Першы Адкрыты фестываль меў галоўным чынам метадычны характар. І ўключаў паказы, абмеркаванні вучэбных работ, майстар-класы вядучых педагогаў школ мастацтваў. Навучэнцы Любанскай ДШМ са сваімі выкладчыкамі Алай і Васілём Каткаўцамі прадставілі на суд гледачоў і экспертнай камісіі творчы ўрок па сцэнічнай мове па творчасці Івана Муравейкі, абразок у адной адслоне “Датрымаў характар”, п’есу “Тры індычкі ў чаканні кукурузных пачаткаў”, у чытацкай праграме – “Радво. Калядная рапсодыя”, баладу “Сяўба”. Усе выступленні атрымаліся вельмі эмацыянальнымі і шчырымі. Юныя акцёры выдатна выканалі свае ролі, так бы мовіць, пражылі іх, данеслі сэнс і настрой твораў. Нікога з прысутных не пакінула раўнадушным і музычнае блазнаванне “Адчыніце, казляняткі!” калектыву “Летуценнікі”.


Увогуле праграма фестывалю была насычаная, цікавая і карысная. Навучэнцы тэатральных аддзяленняў з розных рэгіёнаў Міншчыны не аспрэчвалі права звацца лепшымі, а дэманстравалі сваё майстэрства, дзяліліся напрацоўкамі. У фокусе ж увагі экспертаў, сярод якіх прадстаўнікі акадэміі мастацтваў, былі якасць і ўзровень падрыхтоўкі рабят і пастановак, лексіка, дэкарацыі. Каб, абапіраючыся на гэты вопыт, раставіць акцэнты на далейшую дакладную, зладжаную, сістэматычную работу.









