Любанчанка заваявала Гран-пры абласнога конкурсу па ткацтве
Народная майстэрня традыцыйнага ткацтва Камунараўскага сельскага Дома культуры «Матрушка» годна прадставіла Любанскі раён на абласным фестывалі «Матчыны кросны», што праводзіўся ў горадзе Старыя Дарогі.
Кіраўнік Ірына Яскевіч узнагароджана Гран-пры, яшчэ чатыры ўдзельнікі сталі лаўрэатамі рознай ступені.
На Любанскім падворку сваё майстэрства дэманстравалі сем чалавек – трое дарослых і чацвёра дзяцей. Ірына Яскевіч, Святлана Жартун і і Дар’я Малевіч працавалі на кроснах (ручныя ткацкія станкі, дарэчы, везлі з Камуны). Яна Белавус, Паліна Лаворчык і Аня Сулім таксама не сядзелі без справы: плялі паясы. А вось адзіны мужчына ў кампаніі – Васіль Яскевіч – праводзіў майстар-клас па вырабе нітоў для кроснаў.

Варта адзначыць, што дзяўчынкі наведваюць дзіцячы гурток «Вірок», які дзейнічае пры майстэрні «Матрушка». Яна і Паліна – ужо чацвёрты год, а вось Дар’я і Аня – адносна нядаўна.
Стартавала свята парадам ручнікоў. Напрыклад, Ірына Яскевіч несла свой – з арнаментам «зорачка». Жанчына прыгадвае, што калі толькі асвойвала ткацтва, майстар Кацярына Мазур навучыла, як рабіць такі ўзор.
А пасля пачалася конкурсная частка, якая цягнулася тры гадзіны. Столькі часу тварылі ўдзельнікі свята. Журы ўважліва ацэньвала іх работу, а пасля агучыла вынікі. Для любанчан яны аказаліся нечаканымі!









