Любанчане прынялі ўдзел у фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна
Грандыёзны юбілейны фестываль беларускай песні і
паэзіі ў Маладзечна сабраў гасцей з усіх рэгіёнаў Міншчыны і розных куткоў усёй
нашай краіны. Любанчане таксама прынялі ўдзел у творчым форуме.

У “Горадзе майстроў” была падрыхтавана цікавая экспазіцыя, якая адлюстроўвала самабытнасць нашага краю, яго традыцыі, каларыт. Прычым прапанавалася не толькі палюбавацца разнастайнымі вырабамі дэкарытыўна-прыкладнога мастацтва, а і набыць іх. Ды яшчэ паспрабаваць самім зрабіць нешта падобнае: напрыклад, Ірына Яскевіч праводзіла для жадаючых майстар-клас па ткацтве. Фальклорны калектыў “Шчодрык” Рачэнскага сельскага Дома культуры выканаў цудоўныя народныя песні, якія гучалі пранікнёна, здаецца, ад самага сэрца, атульвалі цеплынёй. А супрацоўніцы раённай бібліятэкі аформілі кніжную паліцу “Зорка Івана Муравейкі”, пазнаёмілі гасцей фестывалю са слаўным сынам любанскай зямлі, які пакінуў багатую літаратурную спадчыну, цікавасць да якой не згасне і праз гады.
Здзіўлялі сваімі майстар-класамі, выставамі,
выступленнямі і прадстаўнікі іншых раёнаў. Ды і ўвогуле праграма творчага
форуму была насычанай. На плошчы горада і суседніх вуліцах працавала шмат
пляцовак, дзе праходзілі канцэрты, тэатральныя пастаноўкі і г.д. Усюды гучалі беларуская песня і беларускае
слова з вуснаў як прафесіянальных калектываў і выканаўцаў, так і зусім юных.

Па традыцыі цэнтральнай падзеяй фестывалю быў
нацыянальны конкурс маладых спевакоў беларускай эстраднай песні. Гран-пры яго
і спецыяльны прыз імя Уладзіміра
Мулявіна атрымала вакалістка з Віцебска Ніколь Фургал. А фінальным акордам форума
стаў яркі галаканцэрт “Насустрач шлягерам” у Летнім амфітэатры. Свае лепшыя
нумары дарылі гледачам зоркі айчыннай эстрады
– Жанэт, Алена Ланская, Аўра і іншыя, а таксама пераможцы конкурсу маладых
выканаўцаў розных гадоў.









