Купалле з’яўляецца адным з найбольш папулярных у гараджан святаў
Вось і сёлета на святкаванне ў парк культуры і адпачынку завітала шмат любанчан: яшчэ здалёк адсюль чуліся музыка ды дзіцячы смех, паветра напаўнялася духмяным пахам розных прысмакаў. Некаторыя наведвальнікі спыніліся ля дзіцячых пляцовак, іншыя гулялі па пляжу, аднак большасць размясцілася каля сцэны, дзе работнікі культуры Любаншчыны прапаноўвалі ўвазе гледачоў цікавую тэатральна-музычную праграму. Прысутныя з задавальненнем падпавялі і прытанцоўвалі разам з артыстамі, асабліва радавалі гледачоў рэтра-спевы вакальнага мужчынскага калектыва “Саюз ЦК” Любанскага Цэнтра культуры.
Прысутнічалі і ўсе традыцыйныя атрыбуты данага народнага свята: русалачкі-купалінкі ды запусканне вяночкаў на ваду, спальванне саламянай лялькі Марэны ды карагоды вакол вогнішча, пошукі папараць-кветкі і падарункі шчасліўчыкам, якія змаглі яе знайсці… Таму, як звычайна, любанскае Купалле прайшло весела і цікава, па-сучаснаму – хаця і з элементамі традыцыйнай народнай культуры. Бадай, у парку не было анікога, каму б не прыйшлося даспадобы народнае гулянне. І за гэта ў каторы раз трэба падзякаваць нашых таленавітых артыстаў.