Культурная бяссонніца

Культура
17 мая 2019
283
Культурная бяссонніца
 

У 1997 годзе ў Берліне адбылася знакавая падзея, якая ўвайшла ў гісторыю як «Доўгая ноч музеяў». Адміністрацыя горада прыняла рашэнне ў пэўны дзень пускаць наведвальнікаў музеяў ва ўстановы бясплатна, а экскурсіі праводзіць на працягу ўсёй ночы. Ідэю хутка падхапілі, і вось ужо ў 2001 годзе ў міжнароднай акцыі прыняло ўдзел 39 краін Еўропы і Амерыкі.

Любанскі музей не застаўся ўбаку і, калі акцыя дабралася да Беларусі, адным з першых у краіне правёў «Ноч музеяў». Было гэта ў 2009 годзе. Такім чынам, заўтра вечарам ужо адзінаццаты год запар мясцовыя аматары актыўнага культурнага правядзення часу збяруцца разам, каб адправіцца ў імправізаванае гістарычнае падарожжа.

За гады ўдзелу ў міжнароднай акцыі любанчанам даводзілася выбіраць дэпутатаў на сойм Рэчы Паспалітай, шукаць скарб шведскага караля Карла ХІІ, танчыць на бале лошыцкага пана Яўстафія Любанскага, удзельнічаць у алімпійскіх гульнях Антычнай Грэцыі…

Гэтым разам наведвальнікам мерапрыемства пад назвай «Замалёўкі на шляхецкі лад» прапануюць здзейсніць падарожжа па вядомых маёнтках беларускай шляхты. Гледачы змогуць даведацца, якую ролю ў гісторыі і культуры нашай краіны сыгралі Тышкевічы, Радзівілы, Сапегі, Храптовічы і Агінскія. На тэму гэтага вечара работнікаў музея натхнілі работы нашага земляка Паўла Шпілеўскага, які шмат падарожнічаў па Беларусі. Напрыканцы вандроўкі прысутныя вернуцца ў родную Любань і пазнаёмяцца з жыхарамі мястэчка XVIII-XIX стст.

Удзельнікаў акцыі чакаюць шматлікія сюрпрызы і захапляльныя сюжэты. Напрыклад, Ноч музеяў цікава тым, што ў гэты час дэманструюцца ўнікальныя экспанаты, якія звычайна схаваныя ад позіркаў гледачоў. Гэтай ноччу госці-
наведвальнікі змогуць убачыць сапраўдны слуцкі пояс XVIII стагоддзя.

Традыцыйна ў музеі будзе працаваць імправізаваная карчма, дзе жадаючыя змогуць падсілкавацца. Расплаціцца ў карчме можна спецыяльнымі манетамі, якія будуць даваць за актыўны ўдзел у конкурсах (аднак шынкар будзе прымаць і сучасныя беларускія грошы). Дарэчы, бонусы атрымаюць тыя наведвальнікі мерапрыемства, якія завітаюць у музей з жывым пакаёвым сабакам альбо прынясуць (і пасля прадставяць) традыцыйную страву нацыянальнай беларускай кухні.

 

 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio