Калядны канцэрт у Любанскай дзіцячай школе мастацтваў атрымаўся не па-зімоваму цёплым
Усе дзеці, ды і дарослыя таксама, напярэдадні Калядных і Навагодніх святаў
не проста вераць у цуды, а чакаюць іх. А некаторыя – ствараюць самі. Сапраўдным
цудам стаў традыцыйны калядны канцэрт Любанскай дзіцячай школы мастацтваў, які,
нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, усё ж адбыўся на
пачатку тыдня, і стаў значнай падзяй у культурным жыцці раёна.
Прадэманстраваць вае творчыя здольнасці і таленты імнкнуліся прадстаўнікі
ўсіх аддзяленняў школы, таму вечар атрымаўся насычаным, а выступленні юных
артыстаў – яскравымі.
Распачалі творчую праграму музыканты дзіцячага аркестра народных
інструментаў “Экспромт”, якія адразу ж пастараліся разварушыць гледачоў
энергічнай кампазіцыяй “Маленькі каўбой”. І шчырыя апладысменты падцвердзілі,
што іх намаганні не прайшлі дарма. Наступны ж музычны твор “Вокны Парыжа” у
выкананні гітарысткі Ксеніі Раманчук настроіў прысутных на лірычны лад. А
квартэт юных скрыпачоў пад кіраўніцтвам педагога Ларысы Папко зноў дадаў жару з
дапамогай кампазіцыі “Вясёлыя смычкі”. Пасля таго, як адгучалі апошнія акорды,
эстафету падхапілі выхаванцы першага класа танцавальнага аддзялення са сваім
танцам “Сняжынкі”, а затым з “Жартам” выступіла юная баяністка Анастасія
Стружко. Маленькія акцёры з тэтральнага аддзялення, што ператварыліся ў
Бясхвоста і Аднавушку, у гульнёвай манеры ў даступнай форме крануліся важных
пытанняў, а зводны хор школы мастацтваў нагадаў пра тое, што зусім хутка да нас
прыйдзе Новы год. Дарэчы, Дзед Мароз са сваёй унучкай, Снягурскай, не змаглі
прапусціць такую падзею і разам са сваімі памочніцамі, ролю якіх на сябе ўзялі
багоўкі, завіталі на агеньчык.









