Юныя дэкламатары пакарылі эмацыянальнасцю і пранікнёнасцю

Культура
23 мая 2019
338
Юныя дэкламатары пакарылі эмацыянальнасцю і пранікнёнасцю

 

“Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!” – такі дэвіз конкурсу “Жывая класіка”, які штогод праводзіцца ў нашай краіне, каб павышаць цікавасць дзяцей і падлеткаў да чытання, пашыраць іх кругагляд, выхоўваць падрастаючае пакаленне на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры і г.д.

У пачатку мая ва ўстановах адукацыі раёна прайшоў школьны этап творчага саперніцтва. Па выніках яго вызначаны лепшыя юныя дэкламатары – пяцьдзясят вучняў з першага па дзясяты класы. Яны і прынялі ўдзел ў нядаўнім раённым конкурсе, што ладзіўся на базе Сароцкай СШ.

Дзяўчынкі і хлопчыкі, улюбёныя ў творчасць айчынных аўтараў, прыгожа – эмацыянальна, пранікнёна, выразна – чыталі вершы, урыўкі прозы, у якіх усхвалялі родны край, яго маляўнічыя краявіды, мінулае і сучаснасць. Рабяты імкнуліся не толькі перадаць сэнс твораў, закладзены паэтам альбо пісьменнікам, а і стварыць свой уласны непаўторны вобраз.

Вядома, удзельнікі хваляваліся, але іх шчыра падтрымлівалі педагогі і юныя артысты Сароцкай школы. А члены журы выказалі падзяку за грунтоўную падрыхтоўку і любоў да беларускай літаратуры, адзначылі найбольш яскравыя выступленні. Чатырнаццаць чытальнікаў прызнаны пераможцамі ў розных узроставых катэгорыях; яны атрымалі ўзнагароды ад ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.

Уладальнікі Дыпломаў І ступені – Анастасія Шаплыка (3 клас Сароцкай СШ), Ілья Кузьміч (6 клас Рачэнскай СШ), Вікторыя Дудзік (5 клас Кузьміцкага ВПК ДС-СШ), Аліна Крайнік (7 клас Палічынскага ВПК ДС-СШ), Вікторыя Бегунец (10 клас СШ №1 г.Любані) – прадэманструюць сваё дэкламатарскае майстэрства на абласным этапе конкурсу “Жывая класіка”. Жадаем ім поспехаў.

 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio