Фотарэпартаж: У мінулую суботу, 30 ліпеня, у Дарасіно адбылося свята вёскі
Нібы з гэтай нагоды, надвор’е ў названы дзень выдалася цудоўнае, цёплае і ціхае, без парываў ветру і дажджу.




На імправізаванай пляцоўцы каля клуба была арганізавана выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мясцовых майстроў. Вышываныя тканіны, даматканыя ручнікі, плеценыя паясы і посцілкі, ганчарныя вырабы занялі пачэснае месца ў аздабленні цэнтральнай сцэны.




Спецыяльна на свята наварылі юшкі, арганізавалі прыгатаванне на мангале шашлыкоў. Смачны водар іх ахутаў усю акругу, што надало фэсту асаблівы каларыт. У дзяцей жа асаблівым попытам карысталіся салодкая вата, здобныя прысмакі. Спецыяльна для хлопчыкаў і дзяўчынак працавала вялікая гумавая горка. Шмат падлеткаў і дзяцей каталіся на веласіпедах, самакатах і інш.






Асноўная частка праграмы пачалася з шэсця тэматычнай калоны, аздобленай паветранымі шарамі. Узначаліў яе хлопчык з дзяржаўным сцягам на квадрацыкле. Услед за ім пайшлі іншыя рады ў розных намінацыях: дзеці на прагулачных калясках, хлопчыкі і дзяўчынкі як прадстаўнікі розных прафесій, маленькія прынцэсы-прыгажуні і інш. Завяршылася шэсце спартыўна-гімнастычным нумарам са стужкай і вынасам торта, упрыгожанага свечкамі-феерверкамі.






Напачатку канцэртнай праграмы да ўсіх прысутных з віншавальнымі словамі звярнуліся старшыня Урэцкага сельвыканкама Ядвіга Ярохіна і дырэктар мясцовай сельгасарганізацыі “Урэцкі” Аляксандр Захаранка. Выступаючыя падкрэслілі значнасць мерапрыемства, што аб’ядноўвае ўсіх дарасінцаў, дачнікаў і гасцей, пажадалі ўсім здароўя, добрага настрою, усяго найлепшага. Пасля гучалі песні пра любоў да роднай старонкі, да людзей, што тут жывуць і працуюць пад мірным небам. Памяць загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны змагароў ушанавалі хвілінай маўчання, а пасля раздалі хлеб, парэзаны маленькімі кавалачкамі, як напамін пра вялікую яго цану. Па сцэнарыю ўзгадвалі працавітых людзей, прысвяцілі ім музычныя нумары.



Прадоўжылася дзея аўтарскімі і народнымі песнямі ў выкананні артыстаў Дарасінскага СДК і гурта з вёскі Камуны. Паступова разгарнуліся танцы пад адкрытым небам. Доўжылася гулянне да раніцы.










