Фотарэпартаж: Чарговы навучальны год у дзіцячай школе мастацтваў завяршыўся традыцыйным выніковым канцэртам
Узнёсла-ўрачысты настрой прысутным стваралі навучэнцы і педагогі розных аддзяленняў установы дадатковай адукацыі. Гучалі класічныя і сучасныя мелодыі. Кожны нумар атрымаўся яркім, прыгожым, выкананым на прафесіянальным узроўні. Музыкі прадэманстравалі, як віртуозна яны валодаюць сваімі інструментамі. Юныя акцёры акунулі гледачоў у чароўную краіну мар і летуценняў. З задавальненем сваю творчасць дарылі танцоры і вакалісты. Нават вучні мастацкага накірунку парадавалі прыгожай харэаграфічнай кампазіцыяй, падчас якой прэзентавалі свае карціны. Усе выступленні выклікалі авацыі і гучныя апладысменты гледачоў.








Дарэчы, таленты і творчыя здабыткі навучэнцы і выкладчыкі ДШМ паказваюць не толькі на сцэне сваёй установы. На працягу навучальнага года яны прынялі ўдзел у трыццаці разнастайных конкурсах, фестывалях і атрымалі больш за паўсотні ўзнагарод. А такіх вынікаў, канешне, можна дабіцца толькі настойлівай працай. За плён, старанне і высокія вынікі рабят і педагогаў падзякавала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Марына Кубец. Шэрагу вучняў, на рахунку якіх прызавыя месцы ў творчых спаборніцтвах, яна ўручыла граматы. А некаторым бацькам – падзячныя лісты за добрае выхаванне дзяцей і дапамогу школе мастацтваў у арганізацыі навучальнага і выхаваўчага працэсу.








Выканала Марына Іосіфаўна і яшчэ адну прыемную місію – ва ўрачыстай абстаноўцы выдала пасведчанні аб заканчэнні ўстановы выпускнікам. Ім Марына Кубец пажадала не пакідаць творчасць, рэалізоўваць ўласныя магчымасці і дасягаць новых поспехаў.










Ад імя бацькоў словы падзякі настаўнікам за веды і любоў да мастацтва, перададзеныя іх дзецям, выказала Анжаліка Вялічка. А выпускнікам яна пажадала добрага шляху.









