Экспазіцыю Любанскага музея народнай славы можна было ўбачыць на IV нацыянальным форуме «Музеі Беларусі»
Пад дахам лёгкаатлетычнага манежа ў Брэсце сабралася без малога 130 удзельнікаў з ліку прадстаўнікоў нацыянальных, рэспубліканскіх, абласных, раённых, школьных музеяў, а таксама турыстычных фірм і кампаній, задзейнічаных у музейнай індустрыі.
Як
расказала дырэктар Любанскага музея народнай славы Наталія Сіняк, сталічны
рэгіён прадставілі 13 музеяў. Амаль усе яны
прэзентавалі на форуме фотаздымкі з
уласных фондаў, што ўвайшлі ў альбом «Гісторыя і памяць малой радзімы». Гэты
фотальбом , які нядаўна пабачыў свет, прадставіў на форуме Мінскі абласны музей.
Альбом мае тры раздзелы: «Гарады і
мястэчкі Міншчыны», «Твары часу», «Шматграннасць жыцця». У выданні змешчаны
фотаздымкі і паштовыя карткі канца XIX – пачатку XX стагодзяў з фондаў 18 дзяржаўных музеяў Мінскай вобласці, у тым ліку і
Любанскага.
Клятчане прапанавалі даведацца пра дзейнасць мясцовай гімназіі праз фотакарткі
яе вучняў, валожынцы пазнаёмілі з асобай фотамастака Бенедыкта Тышкевіча, барысаўчане
стварылі атмасферу дарэвалюцыйнага фотаатэлье. А любанчане звярнуліся да тэмы
асушэння Мар’інскіх балот.
Цэнтральнае месца ў экспазіцыі нашага музея заняў унікальны альбом, які
датуецца 1930 годам. Ён называецца «1925-1930. Рэзультаты
пяцігадовых мэліорацыйных работ у басэйне ракі Арэсы на Палесьсі БССР». Цікава, што подпісы да фотаздымкаў у ім можна прачытаць на трох мовах:
беларускай, рускай і нямецкай. Дарэчы, копіі некаторых ілюстрацый з’яўляюцца
часткай стацыянарнай экспазіцыі Любанскага музея народнай славы. Сёння ў Беларусі
налічваецца толькі пяць такіх альбомаў. Чатыры з іх захоўваюцца ў Нацыянальнай
бібліятэцы. Намеснік дырэктара бібліятэкі Аляксанд Суша – госць форуму – з вялікім
інтарэсам прагартаў старонкі нашага альбому.
Любанскі музей народнай славы з’яўляецца пастаянным удзельнікам
нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі». Гэта пацвярджаюць адпаведныя дыпломы, якіх у калекцыі ўжо маецца чатыры.
Першы быў прывезены з Гродна ў 2012 годзе, другі – з Гомеля (2014), на якім
праект Любанскага музея быў адзначаны дыпломам 3 ступені ў намінацыі «Лепшы
музей па арганізацыі культурна-адукацыйнай дзейнасці», трэці – з Магілёва
(2016).









