Два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Любанскага раёна ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

Культура
24 марта 2021
160
Два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Любанскага раёна ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

Даведацца, пра што ідзе гаворка, прапануюць арганізатары чарговай фотавыставы, якая размясцілася ў галерэі Любанскага раённага цэнтра культуры.


Нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека «Мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых песень аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі «Журавушка» (в. Ямінск), «Глыбокія крыніцы» (в. Закальное) і «Павалякі» (в. Обчын)» высокі статус нададзены ў 2008 годзе. Наведвальнікі экспазіцыі змогуць убачыць удзельнікаў дадзеных калектываў, прычым як на фатаграфіях трыццацігадовай даўнасці (чорна-белых), так і на сучасных (каляровых).


У мінулым годзе спіс папоўніў аб’ект «Тэхналогія і традыцыі выпякання хатняга хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы». На здымках адлюстраваны працэс замешвання цеста і вырабу боханаў, а таксама партрэты гаспадынь, якія гэтым займаюцца і сёння.


…Да вітрыны галерэі падышла жанчына. Яна прамовіла: «Можа, і я тут каго знаёмага знайду?» і стала ўважліва ўглядацца ў твары носьбітаў унікальных мясцовых традыцый. І сапраўды, работнікі Любанскага раённага цэнтра культуры адзначаюць: натоўп людзей, вядома, тут ніколі не стаіць, аднак многія мінакі спыняюцца на некалькі хвілін, каб пазнаёміцца з той альбо іншай экспазіцыяй.


Дзеля папулярызацыі названых элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны дадзеную калекцыю фотаздымкаў у недалёкім будучым плануецца па чарзе размяшчаць у сельскіх дамах культуры нашага раёна.


А ў галерэі можа з’явіцца новая выстава. Ёсць задумка прысвяціць яе дзевяці землякам, якім выдадзена пасведчанне народнага майстра Беларусі (на жаль, адзін з іх ужо нябожчык).


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio