«Дом цікаўных казак»: пастаноўку пад такой назвай прадставілі на суд гледачоў навучэнцы тэатральнага аддзялення Любанскай ДШМ
Спектакль складаецца з шасці ўдала спалучаных невялікіх гісторый: “Дзіўны
спадар з парасонам”, “Ася-Дзьмухавец у краіне Вясны”, “Бясхвост і Аднавушка”,
“Месяцовы зайчык”, “Ноч на даху”, “Лазурковая зорка”, падрыхтаваных паводле фантастычных
твораў маладой беларускай пісьменніцы Надзеi Ясмiнскай. Героі, у ролі якіх
выступілі дзяўчынкі і хлопчыкі, сустракаюць незвычайных гасцей, прыходзяць на
дапамогу дзіўным незнаёмцам, апынаюцца ў розных цікавых месцах, трапляюць у
самыя неверагодныя сітуацыі. У рабят, нягледзячы на тое, што некаторыя на сцэну
выходзілі ўпершыню, атрымалася тым не менш стварыць цікавыя, пераканаўчыя,
непаўторныя вобразы. Юныя артысты пакарылі сваёй непасрэднасцю і шчырасцю.


Напрыклад, у казцы “Бясхвост і Аднавушка” паказалі гісторыю мяккіх цацак
коткі і сабакі, якім, пакуль яны жылі ў садку, дзеці адарвалі хвост і вуха. Але
яны не злавалі, наадварот, падарылі свята хлопчыку. А Ася-Дзьмухавец не любіла
глядзець у люстэрка. Яна саромелася сваіх вяснянак і ў глыбіні душы марыла
пазбавіцца ад іх. Аднойчы гэта здарылася. Аднак шчаслівай дзяўчынкай сябе не
адчула. І пашкадавала пра сваё ранейшае жаданне. Усвядоміла: “Захоўвай тое, што
ў цябе ёсць, - нават, калі гэта штосьці маленькае і амаль незаўважнае”. Усе
астатнія казкі такія ж ёмістыя, павучальныя. І, без сумнення, яны не пакінулі
раўнадушнымі ні аднаго з гледачоў – малых і дарослых.

“Мы пастараліся, каб сцэнічны матэрыял, адпавядаў узросту ўдзельнікаў,
хваляваў і цікавіў іх, быў адпаведнага мастацкага ўзроўню. Каб рабяты,
акунуўшыся ў казку, трапілі ў незвычайны чароўны свет, дзе адбываюцца цуды, дзе
дабро заўсёды перамагае”, – зазначыў загадчык тэатральнага аддзялення Васіль
Каткавец пасля прадстаўлення.

А Надзея Ясмiнская, аўтар гісторый, якая прысутнічала на спектаклі,
выказала сваё захапленне ўбачаным. Падзякавала дзецям і іх педагогам за такую выдатную пастаноўку. А пасля ў
цёплай, сяброўскай атмасферы пагутарыла з яе ўдзельнікамі. Адказала на іх
пытанні, падзялілася сваімі творчымі знаходкамі і задумкамі.









