Да Тыдня роднай мовы Любанскі раённы цэнтр культуры арганізаваў інтэрнэт-праект «Гучы, маё роднае слова»

Культура
28 февраля 2023
182
Да Тыдня роднай мовы Любанскі раённы цэнтр культуры арганізаваў інтэрнэт-праект «Гучы, маё роднае слова»

Каб прыняць у ім удзел, патрэбна было прачытаць на відэа верш на беларускай мове і вылажыць на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках або дасласць у суполкі РЦК.

Да чэленджа далучылася трыццаць чалавек, усе запісы можна адшукаць у «ВКонтакте», «Одноклассники» і «Instagram» па хэштэгу #чытаем_вершы.

Трэба адзначыць, што найбольшая колькасць удзельнікаў чэленджа – жыхары горада Любані. Што тычыцца вёсак, актыўна падтрымалі ініцыятыву Палічын і Сарачы (па 4 чалавекі), Камуна (трое). Дарэчы, геаграфія не абмежавалася толькі нашым раёнам: да праекту далучыліся таксама жыхары Мінска, Брэста і Рагачова.

Не будзе перабольшваннем сказаць, што ўсе ўдзельнікі чэленджа – асобы творчыя. Большасць з іх – частыя госці ўстаноў культуры, удзельнікі мастацкай самадзейнасці, вакальных калектываў або аматарскіх аб’яднанняў. Напрыклад, пяцёра дзяцей, што далучыліся да праекта – навучэнцы тэатральнага аддзялення Любанскай дзіцячай школы мастацтваў.

Што тычыцца вершаў, якія выбіралі чытальнікі, то былі сярод іх і творы Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Рыгора Барадуліна, і другіх пісьменнікаў, не такіх вядомых: напрыклад, Ізі Харыка – беларуска-яўрэйскага паэта і публіцыста, або Марыі Кобец – сучаснай беларускай паэткі і журналісткі. Звярталіся ўдзельнікі чэленджа і да мясцовых аўтараў – Наталлі Хмялеўскай з Сарочоў, Валянціны Шмак з Палічына, Людмілы Савошка з Обчына. Пяць чалавек прачыталі свае ўласныя вершы: Наталля Бышык, Фёдар Галавак, Анатоль Вялічка, Настасся Дашкевіч і Андрэй Лапцік.

Да юбілею нашага земляка, музыканта і паэта Івана Раманчука, навучэнец Любанскага каледжа Сяргей Марозаў прачытаў верш Івана Мікалаевіча, а пенсіянер Віктар Гецюк, былы ўдзельнік ансамбля «Любанскі гармонік», выканаў дзве песні.

Аднак найбольшай папулярнасцю ў чытальнікаў, канешне, карысталіся творы яшчэ аднаго нашага знакамітага земляка – пісьменніка Івана Мурвейкі: падчас праекту яго вершы прагучалі ў выкананні шасці розных удзельнікаў.

Самая маленькая ўдзельніца чэленджа — Ганначка Дашкевіч, выхаванка дзіцячага сада №1 г.Любані, — прачытала верш Івана Муравейкі "Адмарозіў лапкі".

Надзвычай эмацыйным атрымалася выступленне Мішы Пракаповіча, вучня 6 класа Сароцкай сярэдняй школы, навучэнца тэатральнага аддзялення Любанскай дзіцячай школы мастацтваў. Юнак прычатаў верш Уладзіміра Караткевіча "Начлег".


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio