Чацвёрты фестываль «Ракаўскі фэст» пройдзе на Валожыншчыне ў нядзелю, 25 жніўня
Ракаў – аграгарадок у Валожынскім раёне. Здаўна тут цесна пераплецены культуры розных народаў, якія на працягу многіх стагоддзяў мірна і плённа разам працавалі і адпачывалі.
Асаблівага росквіту Ракаў дасягнуў у 30-я гады мінулага стагоддзя, калі апынуўся на памежжы Польшчы з СССР. Ён нават атрымаў неафіцыйны статус «сталіцы кантрабандыстаў».
У праграме фестывалю: выступленні калектываў і артыстаў з Польшчы, Літвы, Аўстрыі і Беларусі; прэзентацыя беларускай, польскай, габрэйскай і літоўскай культур.
Госці змогуць паспрабаваць стравы нацыянальнай кухні краін, прадстаўленых на фестывалі.
Будуць працаваць разнастайныя выставы і інтэрактыўныя пляцоўкі, у тым ліку дзіцячыя.
Значная падзея «Ракаўскага фэсту» – адкрыццё мемарыяльнага комплексу у гонар Сяргея Пясецкага, аўтара рамана «Каханак Вялікай Мядзведзіцы».
Хэдлайнеры фестывалю – гурты «Лявон Вольскі» (Беларусь) і «Tekla Klebetnica» (Польшча).









