«Афінскія вечары» на Сароцкай сцэне

Культура
5 апреля 2019
225
«Афінскія вечары» на Сароцкай сцэне
 
У перыяд з 29 па 31 сакавіка 2019 года ў Любанскім раёне праходзіў XII абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці «Чароўны куфэрак». Любанчане і госці горада, аматары тэатральнай творчасці, напрацягу трох дзён мелі цудоўную магчымасць, якая прыпадае толькі адзін раз на два гады, наведаць тую ці іншую пастаноўку.

 

Госцем мерапрыемства сёлета стаў Мінскі абласны драматычны тэатр. Ён быў створаны ў 1991 годзе
на аснове Маладзечанскага народнага тэатра гарадскога Дома культуры. 30 сакавіка на сцэне Сароцкага СДК артысты абласнога тэатра прадставілі спектакль «Афінскія вечары» па п’есе Пятра Гладзіліна. У аснове пастаноўкі – адвечнае пытанне паміж бацькамі і дзецьмі. Дзея разгортваецца ў адной інтэлігентнай маскоўскай сям’і ў навагоднюю ноч 2000 года. Аднак замест святочнага настрою ў доме пануе напружаная псіхалагічная абстаноўка. Глава сям’і Барыс Алегавіч даўно вызначыў лёс 18-гадовай дачкі Наташы. Яна павінна стаць сусветна вядомай піяністкай. Гэта меркаванне падтрымлівае і маці, Людміла Сяргееўна.

Магчыма, Наташа магла б згадзіцца з бацькоўскім наканаваннем… Але яна кахае маладога кампазітара Антона. Неўзабаве па дарозе ў Еўропу ў сям’ю наведваецца бабуля – Ганна Паўлаўна Растапчына. Народжаная арыстакратка, яна была знаёмая з Горкім і Хадасевічам, ведае дванаццаць моў. Яна ўражвае правакацыйнымі жартамі і аповедамі пра ўласную багемна-паэтычную маладосць. Дзеі ў сям’і нечакана змяняюць тэмп і накірунак… Праз пэўны час усё стала на свае месцы.

Просты і захапляльны сюжэт твора, пранікнёная ігра акцёраў прымусілі задумацца над галоўнымі і вельмі важнымі каштоўнасцямі ў жыцці, аб якіх мы часам забываем у коле штодзённых спраў.

Дабратворная атмасфера ў зале панавала на працягу ўсяго спектакля, шчодрымі былі і апладысменты пасля яго завяршэння. Відаць, любанскім гледачам, дарослым і дзецям, «Афінскія вечары» вельмі прыйшліся даспадобы.

 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio