Адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс дзіцячай аматарскай харэаграфічнай творчасці «Гарэзлівыя чаравічкі» ў другі раз сабраў каля дзясятка калектываў з розных рэгіёнаў Міншчыны
Прыхільнікі танцавальнага мастацтва, без сумнення, чакалі гэтай падзеі. І вось адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс дзіцячай аматарскай харэаграфічнай творчасці «Гарэзлівыя чаравічкі» ў другі раз сабраў каля дзясятка калектываў з розных рэгіёнаў Міншчыны.










У прыватнасці, Любаншчыну на ім прадстаўлялі «Егоза» (раённы Цэнтр культуры, кіраўнік Алена Шымуль), «Тропы» (ДШМ, Улада Коршунава), «Колорит» и «Эдельвейс» (Сароцкі Дом культуры, Лізавета Курбанава і Вольга Дзікун). Таксама прадэманстравалі свае здольнасці ансамблі са Старадарожчыны: «Росинка», «Непоседы», Нясвіжскага РЦК – «Орион», Івянецкага ДК – «ТЭСС», Азярыцка-Слабадской ДШМ – «Созвездие».
Перш, чым распачаць конкурсныя выступленні, шчырымі, цёплымі словамі павітала ўдзельнікаў ініцыятар і арганізатар мерапрыемства начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Таццяна Аляксеева.










– Прыемна, што межы нашага фестывалю пашыраюцца, павялічваецца колькасць яго прыхільнікаў і сяброў. А значыць, у яго ёсць будучыня, – зазначыла Таццяна Мікалаеўна. – І пажадала, каб усе юныя танцоры атрымалі задавальненне. Каб гарэлі не толькі іх вочкі і сэрцы, а і творчыя падмосткі ад гарэзлівых чаравічкаў.
Уласна кажучы, так і атрымалася. Кожны нумар – сапраўдная музычная пастаноўка, якая заварожвала прыгажосцю і дасканаласцю рухаў. Нездарма лічыцца, што танец, часам, дапамагае «сказаць» больш за словы. І гэта якраз той выпадак: удзельнікі паказалі не толькі розныя тэхнікі, стылі, высокае выканальніцкае майстэрства, а і з дамамогай зладжаных, сінхронных рытмаў раскрылі цікавыя сюжэты, данеслі да гледачоў яркія эмоцыі.










Творчае спаборніцтва праходзіла па трох намінацыях: «Народны танец» (стылізацыя народнага танца), «Сучасная харэаграфія», «Эстрадны танец» у малодшай, сярэдняй і старшай узроставых катэгорыях. І ва ўсіх выступленні прайшлі, так бы мовіць, на адным дыханні, пад гучныя апладысменты і выгукі «Брава! » гледачоў.










Нядзіўна, што прафесійнаму журы ў складзе Ірыны Лаўровай, кіраўніка ўзорнага ансамбля «Папараць-кветка» Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці, Юліі Мялешка, загадчыцы харэаграфічнага аддзялення Салігорскай ДШМ, члена метадычнага савета Мінскай вобласці па харэаграфіі, Марыны Драпеза, выкладчыка вышэйшай катэгорыі па народна-сцэнічнаму танцу, намесніка старшыні цыклавой камісіі па накірунках «Харэаграфічнае мастацтва» Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, няпроста было выбраць лепшых. Тым не менш яны вызначылі найбольш эфектныя, таленавітыя, напоўненыя асаблівым сэнсам нумары, за якія калектывы адзначаны дыпломамі адпаведных ступеняў.










А самым відовішчным, яскравым і каларытным выступленнем прызнана кампазіцыя «Аднойчы на Дзікім Захадзе» ў выкананні тэатра танца «Егоза». Яна і атрымала вышэйшую ацэнку журы: першае месца ў намінацыі «Эстрадны танец» ва ўзроставай катэгорыі 11-13 гадоў і Гран-пры фестывалю.









