Аддзел традыцыйных рамёстваў і промыслаў Любанскага музея народнай славы прэзентаваў выставу «Прабабуліна вяселле»
Супрацоўнікі музея сумесна з раённым Цэнтрам
культуры падрыхтавалі для наведвальнікаў цікавую экспазіцыю. Складаецца яна з
трох частак, кожная з іх расказвае пра пэўныя вясельныя абрады і традыцыі.
Асаблівая ўвага нададзена вясельным галаўным убранням – бадай, цэнтральнаму
атрыбуту вобразу маладой. У 28 вянках, што прадстаўлены ў зале, пераплецены
кветкі і гісторыя ад 30-х і да пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэтыя
шлюбныя ўпрыгожанні адноўлены дзякуючы народнаму майстру Беларусі Раісе Вальковай
з вёскі Кузьмічы Камунараўскага сельсавета. Раіса Міхайлаўна прыняла непасрэдны
ўдзел у адкрыцці выставы, шмат што распавяла пра ўласна створаную калекцыю
галаўных убранняў. У мінулым, напрыклад, вясельныя вянкі звычайна плялі ў
дзявочы вечар, падчас якога спявалі песні ў гонар той, што развітвалася з
дзявочым жыццём. Кожны вяночак адлюстроўваў, як цяпер кажуць, сацыяльны статус.
Калі ў ім пераважалі чырвоныя кветкі – гэта азначала дзяўчына яна з заможнай
сям’і, калі ж былі ўплецены толькі белыя краскі – азначала, што да шлюбу ідзе
сіраціна – не мае ні маці, ні бацькі. Калі ў маладой быў хтосьці адзін з
бацькоў, то дазвалялася да белага колеру дадаць крыху іншай фарбы.
Шмат цікавых зветак утрымлівае экспазіцыя пра
вясельны каравай – адзін з абавязковых атрыбутаў вяселля.
Як зазначыла загадчык аддзела традыцыйных рамёстваў
і промыслаў, старшы навуковы супрацоўнік Алена Квіткевіч, у ходзе страрэння
выставы з’яўвілася ідэя паказаць і вясельны поезд – конную павозку, упрыгожаную
кветкамі або яловымі лапкамі, на якой ехалі малады з маладою. Вядома, побач з
імі былі і музыкі.
– Высветліўся цікавы факт: апошні народны музычны
гурт, вельмі папулярны на вяселлях на Любаншчыне ў пасляваенныя гады, быў з
вёскі Плюсна. Кіраваў ім Чэсь Усцінавіч Бяскосты – выдатны музыкант і майстар
па вырабе музычных інструментаў. У гурт уваходзілі цымбаліст, гарманіст,
скрыпач, барабаншчык і, як гэта не дзіўна, кларнеціст, – распавяла Алена
Аляксандраўна.
Акрамя названы інструментаў, экспазіцыя змяшчае шмат
іншых рэчаў, якія выкарыстоўваліся падчас вясельных абрадаў. Асаблівае месца
займаюць даматканыя дываны-посцілкі, ручнікі, настольніцы, наміткі, паясы,
упрыгожанні…
Выстава працуе і сёння, думаю, зацікавіць яна можа
наведвальніка любога ўзросту.









