Адбыўся раённы форум музеяў устаноў адукацыі Любаншчыны
Дарэчы, мерапрыемства такога кшталту ў раёне ладзілася ўпершыню.
Алена Русаковіч, кіраўнік гістарычнага музея «Гонар нашай вёскі» Тальскай школы расказала пра жыццёвы і творчы шлях дзіцячага пісьменніка Івана Муравейкі. Вёска Таль – першая геаграфічная назва ў яго біяграфіі. У гэтым населеным пункце восенню 1921 года хлопчык з’явіўся на свет. Школьны музей у гонар знакамітага земляка быў заснаваны ў 2001 годзе, аднак афіцыйнае яго адкрыццё адбылося праз чатыры гады. Большасць экспанатаў музея – гэта асабістыя рэчы пісьменніка. Першыя былі падараваны ім самім: ручка, якой пісаў вершы больш за 30 гадоў, пішучая машынка, якую гвардыі старшы лейтэнант Іван Муравейка набыў восенню 1945 года ў Германіі, рукапісы зборнікаў вершаў, асобныя кнігі, узнагароды. Дарэчы, літаральна ў мінулы панядзелак Івану Андрэевічу споўнілася 98 гадоў.
Турыстычны маршрут «Малая радзіма – вялікая
гісторыя» па вёсцы Камуне яшчэ пяць гадоў назад распрацавала Іна Волат, кіраўнік
гістарычнага музея «Спадчына» Камунараўскай школы. Удзельнікам яго прапануюць
здзейсніць прыпынкі каля шэрагу памятных знакаў. У прыватнасці, адзін з іх быў
устаноўлены да 100-годдзя нараджэння Героя Сацыялістычнай Працы Эмануіла
Модзіна, якога лічаць сапраўдным заснавальнікам населенага пункта. Яшчэ адзін памятны
знак называецца «Вузкакалейка». Ён нагадвае, што некалі на гэтым месцы была
пабудавана чыгунка. У 1933 годзе Камуну наведаў Янка Купала. У двары новай
школы размешчана выстава валуноў пад адкрытым небам «Пуцявінамі Янкі Купалы». Як
успамінаюць старажылы, пясняр любіў гуляць па наваколіцах вёскі. Бывае, сядзе
пад адным дубам і піша свае радкі. Удзельнікаў маршруту запрашаюць палюбавацца веліччу
гэтага дрэва, якому ўжо не менш за трыста гадоў. Пра падзеі Вялікай Айчыннай
вайны ўзгадваюць падчас прыпынку каля знака «Спаленая вёска» і помніка
загінулым землякам. І вядома гавораць пра гады росквіту мясцовага калгаса. Немалая
заслуга ў тым яшчэ аднаго яго старшыні – Героя Сацыялістычнай Працы Цімафея Смірнова.
Варта адзначыць, сёлета вёска Камуна адзначае сваё 90-годдзе.
А вось Аляксандр Дашкевіч, кіраўнік
гістарычнага музея «Мая малая радзіма» Рэдкавіцкай школы не раз з вучнямі
здзяйсняў пазнавальны паход за межы вёскі. Удзельнікам форуму ён расказаў пра
яго маршрут, працягласць якога складае каля 25 кіламетраў. Ад Рэдкавіч шлях
ляжыць да пахавальнага кургана дрыгавічоў (VI-IX стагоддзя), далей рухаюцца ўздоўж ракі
Арэсы, заязджаюць у Верачагошч, не мінаюць памятнага знака спаленай фашыстамі
вёскі Савалуцк, наведваюцца ў Азярное, зварочваюць да возера Вячэра – і гэта
далёка не поўны спіс прыпынкаў. Як адзначыў выступоўца, гэты паход можа быць
адна- альбо двухдзённым, пешым альбо веласіпедным.
Прэзентавалі віртуальныя музеі і падзяліліся вопытам па іх стварэнні Ала Рудзько і Карына Рабая, кіраўнікі музеяў «Мой родны кут» (гістарычнага) і «Лірнік вясковы» (літаратурнага) Смольгаўскай школы. А Надзея Скрыпнік, кіраўнік гістарычнага музея «Спадчына» Асавецкай школы, агучыла сваю задумку паспрабаваць прывязаць да экспанатаў QR-коды.
Плануецца, што другі раённы форум школьных музеяў Любаншчыны адбудзецца ў 2020 годзе.









