Страчаная спадчына Любаншчыны: як мінская мастачка па старых здымках аднавіла цэрквы нашага раёна

Калейдоскоп
7 августа 2026
179

У Любанскім раённым Цэнтры культуры дзейнічае выстава, на якой прадстаўлены акварэлі мінскай мастачкі Марыі Каралёвай. На малюнках адлюстраваны архітэктурныя помнікі Беларусі, якія, на жаль, да нашых дзён не захаваліся.

photo_2026-08-07_09-56-48 (2).jpgphoto_2026-08-07_09-56-49 (2).jpg

Аўтар работ – выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яе праект «Мая нябачная Беларусь» нарадзіўся з жадання паказаць, як магла б выглядаць страчаная архітэктурная спадчына нашай краіны. Натхненнем паслужылі старыя фатаграфіі, графічныя рэканструкцыі, малюнкі мастакоў.

photo_2026-08-07_09-56-48.jpg

З 2023 года працы Марыі штогод выдаюцца ў выглядзе насценных календароў. У календары на 2026 год за два месяцы (ліпень і верасень) «адказваюць» дзве страчаныя царквы Любанскага раёна – Тальская і Урэцкая. Іх чорна-белыя здымкі былі зроблены знакамітым этнографам Вацлавам Ластоўскім падчас экспедыцыі 1928 года.

Гісторыя выставы ў Любані пачалася з нечаканай знаходкі ў сацыяльных сетках. Хтосьці апублікаваў адсканаваныя з календара выявы тых самых нашых цэркваў, выклікаўшы вялікую цікавасць у мясцовых краязнаўцаў.

– Мы ўбачылі гэтыя працы зусім выпадкова, – расказаў загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Любанскага раённага Цэнтра культуры Сяргей Выскварка. – Даведаліся, хто аўтар. І адразу ўзнікла ідэя прапанаваць ёй арганізаваць выставу работ у нашым горадзе.

Мастачка не толькі згадзілася, хаця прызналася, што ніякага дачынення да нашага краю не мае, а і спецыяльна да адкрыцця выставы намалявала яшчэ адзін страчаны аб’ект – Шыпілавіцкую царкву, таксама абапіраючыся на здымак Ластоўскага. Асаблівую каштоўнасць і кранальнасць працы надае ўвага да дэталяў.

– Аднойчы нямала гадоў таму назад цікавую гісторыю расказала мне жыхарка Калінаўкі, якая была родам з Шыпілавіч, – дзеліцца Сяргей Выскварка. – Жанчына ўспамінала, як басанож бегала по мосце, што вёў да храма, і застраміла нагу. Сядзела і плакала прама на мосце. А ў гэты час міма ішла пара вянчацца. Жаніх пагладзіў яе па галаве і супакоіў: «Нічога, да вяселля зажыве».

Мастачка аднавіла ў акварэлі не толькі саму царкву, што стаяла на высокім беразе, але і той самы мост. На фотаздымку і не разбярэш, што гэта ён, амаль не бачны.

Мэта праекта «Мая нябачная Беларусь» – не проста паказаць, як выглядалі страчаныя будынкі. Марыя Каралёва імкнецца з дапамогай лёгкасці і празрыстасці акварэлі абудзіць у гледача гонар за гісторыю і культуру краіны, выклікаць цікавасць да спадчыны, якой мы пазбавіліся. Аўтар з асаблівым трымценнем адзначае работы за 2025 год, аб’екты на якіх выключна драўляныя. Бо дрэва – найбольш далікатны матэрыял у віхурах гісторыі.

Працы Марыі Каралёвай ужо выстаўляліся ў Ружанскім палацава-паркавым комплексе Сапегаў і Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. А цяпер і ў жыхароў Любаншчыны з’явілася магчымасць убачыць, як выглядалі цэрквы іх малой радзімы да таго, як зніклі з твару зямлі. Дарэчы, на афішы выставы, якую распрацавала аўтар акварэляў, красуецца выява Шыпілавіцкай царквы – будынак стаў нібы сімвалам гэтай культурнай сустрэчы.

У экспазіцыі прадстаўлены не толькі цэрквы, касцёлы, сінагогі, але і іншыя будынкі з розных куточкаў Беларусі, якія сышлі ў мінулае: палацы, сядзібы, вакзал і нават лямус (старажытная гаспадарчая пабудова). Кожная акварэль суправаджаецца тэкставай даведкай пра намаляваны будынак.

Дарэчы, у пачатку жніўня выстава «переедзе» ў Любанскі музей народнай славы.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio