Прайшлі чарговыя рэспубліканскія краязнаўчыя праваслаўныя чытанні
Яны былі накіраваны на ўдасканаленне дзейнасці ўстаноў адукацыі па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні праз далучэнне навучэнцаў да асноў хрысціянскай культуры, традыцый і каштоўнасцей.
Тэма іх на гэты раз была такой «Праваслаўнае краязнаўства – жыватворная крыніца духоўнага ўзбагачэння». Творчыя работы, падрыхтаваныя па ёй, папярэдне прайшлі адбор на раённым і абласным узроўнях. І ў выніку па тры самыя грунтоўныя і змястоўныя ад кожнай вобласці вызначаны для прэзентацыі на завяршальным этапе. Прыемна, што ў ліку такіх і праца нашага земляка, вучня сярэдняй школы №3 горада Любані Сяргея Казыры. «Дарогамі дабра і мудрых ісцін» (у рамках праекта «Каляндар добрых спраў») так называецца работа, над якой Сяргей шчыраваў разам з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Аленай Вярэнік. Навучэнец прадставіў плён старанняў падчас секцыі «Праваслаўнае краязнаўства – крыніца духоўнасці».

– Адкрыццё чытанняў і пленарнае пасяджэнне адбылося на базе Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай. Усіх удзельнікаў пазнаёмілі з музеем і Крыптай у рамках экскурсійна-адукацыйнай праграмы «Сакральныя аб’екты маёй малой радзімы». А затым мы прэзентавалі вынікі дзейнасці па праваслаўным краязнаўстве. Асабіста я ды, упэўнены, і ўсе астатнія рабяты атрымалі добры вопыт і новыя веды, – падзяліўся Сяргей Казыра.
Дамоў ён вярнуўся з сертыфікатам Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, выдатнымі ўражаннямі ад мерапрыемства, натхнёны наказам старшыні Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі протаіерэя Фёдара Поўнага і далей духоўна ўзбагачацца, даследаваць і ствараць.









