На ўсе пытанні – канкрэтныя тлумачэнні


Старшыня Мінскага аблвыканкама Б.В. Батура правёў у любані выязны прыём грамадзян.

Дзевяць пытанняў было адрасавана старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барысу Батуры падчас прыёму насельніцтва, які кіраўнік правёў у нашым раёне ў мінулую сераду. Прычым звярталіся да яго не толькі жыхары Любаншчыны, а нават з суседняга г. Салігорска. Барыс Васільевіч пастараўся ўнікнуць у кожную канкрэтную сітуацыю, разабрацца і даць тлумачэнні.

У прыватнасці, Уладзімір Голас з г. Любані цікавіўся магчымасцю прыватызацыі сацыяльнага жылля. Ён з жонкай пражывае ў аднапакаёвай кватэры, побач у такой жа – яго ўнучка. Прычым абедзве кватэры патрабуюць рамонту. Вось  Уладзімір Іванавіч і хацеў прыватызаваць жыллё, прывесці яго ў парадак і пасля пакінуць у спадчыну ўнучцы, якая і даглядае старых.

– Увогуле, па заканадаўству сацыяльныя жылыя памяшканні прыватызаваць нельга.  Але, магчыма, якіясьці варыянты ёсць. Напішыце заяву,  няхай у райвыканкаме Ваша пытанне юрыдычна прапрацуюць. Калі для вырашэння яго станоўча патрэбна будзе рашэнне аблвыканкама, – мы яго прымем.

Аляксандр Шаблыка з вёскі Невалаж, дырэктар прыватнага прадпрыемства, прапанаваў стварыць у раёне цэнтр для каардынацыі дзейнасці ўсіх прадпрымальнікаў, вывучэння існуючых у іх праблем, дзейснай дапамогі ў іх вырашэнні і г.д.

Губернатар пагадзіўся, але пры гэтым адзначыў, што ініцыятыва павінна зыходзіць непасрэдна ад прадпрымальнікаў. Ім трэба не толькі ўносіць прапановы, а і рэалізоўваць іх.

Любанчаніна Івана Кандраценю турбавала пытанне адсутнасці лекавых сродкаў для лячэння захворвання шчытападобнай залозы, у прыватнасці, мазі «эндакрынол».

Уся справа ў тым, як растлумачыў Б.В. Батура, што на яе не працягнута ліцэнзаванне. Пагэтаму мазь і не завозяць. Але ў нашай краіне выпускаюцца  заменнікі, таксама эфектыўныя.

Жыхар вуліцы Міру ў райцэнтры Віктар Астрэйка звярнуўся па прычыне газіфікацыі ўласнага дома. У 2006 годзе, калі праводзіўся газаправод па іх вуліцы, заяўнік не меў фінансавай магчымасці. І іншыя жыхары не далі згоды на падвядзенне за іх кошт газавай трубы да яго дома. У 2010 годзе Астрэйка афіцыйна ўступіў у кааператыў, і цяпер жадае газіфікаваць дом.

Заяўніку прапанаваны варыянт падвядзення газу. І пры гэтым губернатар паабяцаў яшчэ аказаць матэрыяльную дапамогу, калі В.П. Астрэйка напіша заяву на яго імя.

На нізкую тэмпературу ў кватэры паскардзіўся Мікалай Лысенка, а таксама на дрэнна праведзены рамонт работнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Што датычыць ацяплення, то яму будзе зроблены пераразлік аплаты за камунальныя паслугі. А вось наконт няякаснага рамонту, факт не пацвердзіўся. Да Мікалая Мікалаевіча неаднаразова выязджала камісія з ліку супрацоўнікаў райвыканкама  і Любанскай ЖКГ, правярала, – усе работы выкананы, згодна з тэхналогіяй, сцены ўцеплены.

Яшчэ М.М. Лысенка пацікавіўся, калі будзе выкананы капрамонт шматпавярхоўкі, у якой ён пражывае. І атрымаў адказ, што праектна-каштарысная дакументацыя ўжо падрыхтавана, абследаванне дома праведзена, дагавор на рамонт заключаны і ў хуткім часе да яго прыступяць.

Вера Слівец ад імя жыхароў мікрараёна прыватнай забудовы, што за райбальніцай, па-прасіла заасфальтаваць вуліцу Заходнюю. Яшчэ ў мінулым годзе пасля завяршэння яе газіфікацыі быў выраблены праект і на добраўпарадкаванне, аднак сродкаў у раённым бюджэце на гэта пакуль няма.

Барыс Васільевіч выслухаў просьбу і паабяцаў па магчымасці дапамагчы. Але пакуль трэба дарогу хаця б як належыць прагрэйдзіраваць, падсыпаць.

Прадпрымальнік Зоя Горбач з г. Любані выказала ўдзячнасць за ўсю тую работу, якая не без падтрымкі аблвыканкама, праведзена на Любаншчыне:  па навядзенні парадку, будаўніцтве, рэканструкцыі і г.д. А таксама прапанавала пасадзейнічаць яшчэ ў адной справе – дапамагчы добраўпарадкаваць зону адпачынку на тэрыторыі так званых «блакітных азёраў».

Гэты зварот, як і ўсе астатнія, будзе дэталёва вывучаны і прапрацаваны.

Наталля ВІЛЕНТА.

 

Ваш отзыв

1 октября – день пожилых людей 1 сентября – день знаний 4 октября – день учителя 5 кастрычніка – дзень работнікаў крымінальнага вышуку 6 октября – день архивиста 20 сентября – день работников леса 25 октября – день автомобилиста и дорожника 26 АПРЕЛЯ – ДЕНЬ ЧЕРНОБЫЛЬСКОЙ ТРАГЕДИИ 26 июня – день работников прокуратуры 70-летие великой победы 2015 – год молодежи Аздараўленне Актуально Акцыя Ахова працы В комитете госконтроля Ганаруся сваёй прафесіяй Год культуры Да 450-годдзя Любані Демография День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности Дэмаграфія Единый день информирования За здаровы лад жыцця Конкурс «Перамога ў нашай памяці жыве» Летняе аздараўленне Людзі і справы Международные связи Народ и власть Наши достижения Обратная связь Оздоровление ПРАЕКТ «ЖЫВЕ МАЯ ВЁСКА» Парламентский вестник Патрыятычнае выхаванне Пресс-тур губернатора Минской области Профилактика правонарушений Профориентация Святы Служба занятости Служу отечеству! Справы вясковыя Творчество Ураджай-2016 Цікавая экскурсія