Калі сэрца поўніцца пяшчотай


Сталасць лічаць восенню жыцця, але і гэту пару можна зрабіць незабыўнай, калі не губляць бадзёрасці духу, не замыкацца ў сабе і заставацца актыўным. Валянціна Гальчэня з Любані ўпэўнена, што галоўнае – не сумаваць, не маркоціцца і не апускаць рукі. А ў жанчыны сапраўды ёсць падставы так меркаваць.

15-10-16

Валянціна Міхайлаўна родам з Магілёўшчыны. Пасля заканчэння інстытута па прафесіі тэхнолаг швейнай вытворчасці атрымала накіраванне ажно на Далёкі Усход. Як малады спецыяліст адпрацавала вызначаны тэрмін і зноў вярнулася на радзіму. Перад дзяўчынай паўстала пытанне, куды пайсці на работу. І тут дапамог выпадак. Тату якраз запрасілі на чарговую юбілейную сустрэчу выпускнікоў політэхнічнага інстытута, дзе пры размове былы аднакурснік прапанаваў месца на Любанскай швейнай фабрыцы.

Так у 1976 годзе Валянціна звязала свой лёс з нашым раёнам. Тады яшчэ не ведала, што назаўсёды. Але зараз, праз сорак гадоў, зусім не шкадуе. Любаншчына стала для яе, можна сказаць, другой малой радзімай і часткай жыцця. Тут Валянціна Міхайлаўна сустрэла будучага мужа, з якім у згодзе і каханні жывуць ужо шмат гадоў. І менавіта на яго разлічвае ў розных сітуацыях – яны як дзве палавінкі аднаго цэлага.

Разам калісь і прынялі рашэнне выхоўваць прыёмных дзяцей. Маючы дваіх родных, сына Дзяніса і дачку Наташу, аднойчы адчулі, што ў сэрцы шмат нерастрачанай любові, якой камусьці вельмі не хапае. І вось у 1993 годзе ў сям’і з’явілася дзевяцігадовая Ганначка са Станькаўскага дзіцячага дома. Яе адразу палюбілі, і дзяўчынка адагрэлася сэрцам, перастала быць скаванай і нерашучай. Зараз Ганна ўжо сама матуля дваіх дзетак, жыве ў Салігорску, але не забывае сваіх прыёмных бацькоў, наведвае іх і гасцінна сустракае ў сваёй кватэры.

Услед за Ганначкай Валянціна Міхайлаўна з мужам узялі на выхаванне іншых дзетак. У 2004 годзе быў адкрыты дом сямейнага тыпу Гальчэняў, які стаў надзейным прытулкам для многіх абяздоленых дзяўчынак і хлопчыкаў, у асноўным з Любанскага раёна. Бацькі-выхавальнікі аддавалі ім сваё цяпло, ахіналі клопатам і ўвагай. Вырасцілі васямнаццаць прыёмных дзяцей і далі ім пуцёўку ў дарослае жыццё.

Але, як зазначыла жанчына, усе яны сталі роднымі. З асаблівай пяшчотай расказвае пра кожнага, прыгадваючы звычкі і цікавыя выпадкі з дзяцінства і юнацтва. І цяпер выхоўвае пяцёра дзетак, хаця восем гадоў таму назад Валянціна Міхайлаўна пайшла на заслужаны адпачынак. Дзіцячы смех для яе як выратаванне ад усіх бед і надзея на лепшае.

З дзецьмі жанчына танцуе, майструе, чытае, займаецца саломапляценнем, ходзіць у лес па грыбы і г. д. – нават цяжка пералічыць усе сумесныя захапленні. Летась удзельнічалі ў конкурсе «Беларуская лялька» ў Салігорску. Зрабілі яе з рэдкіх прыродных матэрыялаў і занялі першае месца.

Нягледзячы на пастаянныя клопаты аб дзецях, дамашняй гаспадарцы, Валянціна Міхайлаўна яшчэ знаходзіць час для зносін са сваімі аднагодкамі. Яна – актыўны наведвальнік аддзялення дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Займаецца ў розных аб’яднаннях па інтарэсах, а кіраўніком гуртка «Рукадзельніца» з’яўляецца сама, дзеліцца сваім майстэрствам па вязанні, вырабе птушак, лялек і г. д.

Пры сустрэчы жанчына з усмешкай сказала:

– Вось бы гадзін пяць у суткі дабавіць, тады яшчэ больш магла паспець.

Валянціна Гальчэня здзіўляе бадзёрасцю духу і энтузіязмам. Яна – прыклад чалавека-аптыміста, які заўсёды захоўвае вытрымку, не паддаецца негатыўным эмоцыям, спадзяецца на станоўчы зыход, жыве з верай і надзеяй.

Матэрыялы старонкі падрыхтавала Наталля ВІЛЕНТА.

Ваш отзыв

1 октября – день пожилых людей 1 сентября – день знаний 4 октября – день учителя 5 кастрычніка – дзень работнікаў крымінальнага вышуку 6 октября – день архивиста 20 сентября – день работников леса 25 октября – день автомобилиста и дорожника 26 АПРЕЛЯ – ДЕНЬ ЧЕРНОБЫЛЬСКОЙ ТРАГЕДИИ 26 июня – день работников прокуратуры 70-летие великой победы 2015 – год молодежи Аздараўленне Актуально Акцыя Ахова працы В комитете госконтроля Ганаруся сваёй прафесіяй Год культуры Да 450-годдзя Любані Демография День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности Дэмаграфія Единый день информирования За здаровы лад жыцця Конкурс «Перамога ў нашай памяці жыве» Летняе аздараўленне Людзі і справы Международные связи Народ и власть Наши достижения Обратная связь Оздоровление ПРАЕКТ «ЖЫВЕ МАЯ ВЁСКА» Парламентский вестник Патрыятычнае выхаванне Пресс-тур губернатора Минской области Профилактика правонарушений Профориентация Святы Служба занятости Служу отечеству! Справы вясковыя Творчество Ураджай-2016 Цікавая экскурсія