+375-29-194-77-56.
Нас з усмешкай сустрэла прыгожая жанчына. Гутарылі з Аленай
Уладзіміраўнай у доме сясцёр Наталлі Навумаўны Лапановіч і Вольгі Навумаўны
Паторскай. Справа ў тым, што А.У. Курда працуе сацыяльным работнікам, а гэтыя
дзве жанчыны, якім за восемдзесят гадоў, знаходзяцца ў яе на абслугоўванні.
Абедзве сястры – ветэраны працы, яны звыш сарака гадоў адшчыравалі ў
жывёлагадоўлі.
– Наша
вёска невялікая, – расказвае Алена Уладзіміраўна. – Мы тут палічылі з Вольгай
Навумаўнай, што ў ёй пражываюць 34 чалавекі. Летам, праўда, больш, калі ў
пустыя бацькоўскія дамы прыязджаюць дачнікі.
Як высветлілася,
старастай жанчына з’яўляецца ўжо гадоў дзесяць. За гэты час дасканала вывучыла
свае абавязкі. Напрыклад, як пазаштатны пажарны, кантралюе, каб у кожным доме
праводка адпавядала патрабаванням бяспекі, а печ знаходзілася ў добрым стане.
А.У. Курда дбае пра навядзенне парадку ў вёсцы. Дарэчы, так атрымалася, што
побач з яе домам з аднаго і другога бакоў збудаванні пустуюць. Дык калі
прыбірае тэрыторыю каля ўласнага, і суседнія не пакідае без увагі. А ў межах
праекта ТЦСАН «Ненаглядная старонка» ў дварах сваіх падапечных штогод высейвае
аксаміткі, якія квітнеюць ад канца лета і да першых маразоў. Радуюць у плане
добраўпарадкавання сядзіб дачнікі, у якіх, здаецца, клумбы займаюць больш
месца, чым градкі.
Навіну пра
тое, што на новую агароджу для мясцовых могілак трэба сабраць грошы, жыхары
вёскі ўспрынялі без негатыву. Хаця і памер ахвяравання быў немаленькім. Тым не
менш, свой унёсак у агульную справу зрабілі ў кожным двары без выключэння.
Летам 2017 года на могілках цалкам замянілі агароджу – замест старой
непрыгляднай драўлянай з’явілася жалезабетонная. Жыхары пасля неаднаразова
дзякавалі старасце за такую перамену. Дарэчы, Алена Уладзіміраўна разам з
іншымі добраахвотнікамі пасля займалася пафарбоўкай агароджы.
– Звароты,
якія паступаюць ад насельніцтва, перадаю Васільеўне (старшыні Рачэнскага
сельвыканкама Святлане Васільеўне Швед. – Заўв. аўт.), – адзначае гераіня
публікацыі. – Яна і сама часта да нас прыязджае. Так, адна з апошніх просьбаў
аднавяскоўцаў датычыць падаўжэння часу работы ліхтароў, бо цяпер віднее позна,
а цямнее рана.
Сацыяльным
работнікам А.У. Курда працуе з 2005 года. У яе на абслугоўванні знаходзіцца 7
чалавек – шэсць у Старой Дуброве і адзін у Атрадным. Прыбраць у іх дамах,
прынесці туды вады і дроў, аплаціць камунальныя паслугі, купіць неабходныя
тавары – гэта няпоўнае кола яе прафесійных абавязкаў. А яшчэ жанчына сочыць за
станам іх здароўя: пастаянна мерае ціск, кантралюе, каб тыя не забыліся прыняць
лекі, час ад часу выклікае фельчара.
– Вольга
Навумаўна любіць чытаць газету, – працягвае суразмоўца. – Бывае, прачытае
артыкул, не зразумее які момант і просіць, каб я растлумачыла, што аўтар меў на
ўвазе.
Сама Алена
Уладзіміраўна родам са Старой Дубровы. Тут і жыве ў бацькоўскім доме. Яна
клапатлівая жонка і маці. Муж працуе ў Любанскім лясніцтве. Старэйшаму сыну –
Уладзіславу – 23 гады, ён горны электрамеханік, жыве ў Петрыкаве. Малодшаму –
Даніілу – 7 гадоў, ён другакласнік.
Напрыканцы
размовы пытаюся ў старасты, ці хоча яна штосьці дадаць да вышэйсказанага.
– Засмучае мясцовых жыхароў, што ўсё ніяк свята вёскі не могуць дачакацца. Летам гаворка вялася пра магчымую яго арганізацыю, аднак нешта таму перашкодзіла. Вось жа ў суседняй з намі Новай Дуброве кожны год такое свята (гасцявы кірмаш. – Заўв. аўт.) ладзіцца…
Рябцева