Погода:
Курсы валют:
Радио
Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
Отдел рекламы и маркетинга
(8-017-94) 68-1-30

Предложить новость
27 лістапада 2022 года
Главная  /  Сельсоветы  /  Реченский сельский совет
5 сакавіка 2018 года, 21:30

Каб гучала беларуская песня

Мабыць, не памылюся, калі скажу, што жыхары аграгарадка Рачэнь, навакольных населеных пунктаў, ды наогул многія любанчане, з асаблівай цікавасцю сочаць за фальклорным шоу «Хата на хату», якое выходзіць на тэлеканале «Беларусь 3». Прычынай з’яўляецца не толькі любоў да спадчыны беларускага народа, але і ўдзел у праекце сям’і Ціханоўскіх з аграгарадка Рачэнь: Уладзіміра і Тамары, іх дочак Ілоны і Ганны, а таксама мужа і дачкі апошняй.

Шоу зацікавіла многіх. Геаграфія яго ахапіла ўсю Беларусь. Удзел у перадачы прымалі сем’і з Гомельскай, Магілёўскай, Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей. Сталічны рэгіён, акрамя Ціханоўскіх, прадстаўляла яшчэ сям’я Клімовіч з Бярэзінскага раёна. Цікава, што ўзрост самага пажылога ўдзельніка – 91 год, а самага маленькага – на дзевяноста менш.

«Хата на хату» складаецца з трох тураў. У адборачным вядучыя Іван Крук і Ларыса Мятлеўская наведалі 10 яркіх, таленавітых музыкальных сямей, якія праявілі сваю гасціннасць, праспявалі песні і пазнаёмілі з традыцыямі рэгіёну.

Пуцёўку ў другі тур атрымалі восем, якіх вызначыла кампетэнтнае журы. у склад яго ўвайшлі Таццяна Лазоўская, Анатоль Ярмоленка, Валянціна Гладкая, Аляксандр Елісеенкаў. На гэты раз удзельнікам неабходна было праявіць сваю спеўнасць у так званых музычных батлах. Па выніках спаборніцтваў чатыры сям’і былі запрошаны ў сталіцу, дзе адбудзецца фінальны канцэрт з зоркамі беларускай эстрады і фальклорных калектываў. Трэба адзначыць, што ва ўсіх турах Ціханоўскія атрымалі высокую адзнаку.

Ідэя паўдзельнічаць у праекце з’явілася ў Ганны. На сямейным савеце яе аднагалосна ўсе падтрымалі. І пачалася падрыхтоўка: неабходна было выбраць касцюмы, песенны рэпертуар, прыгатаваць нацыянальныя стравы. Апошні клопат лёг на плечы Тамары Андрэеўны. А вось адзенне ўдзельнікаў шоу аздобіў вышыўкай Уладзімір Аляксандравіч. Ён жа зрабіў сваімі рукамі і саламяны капялюш, які дапаўняў мужчынскі строй. Жанчынам своеасабліва, у мясцовай манеры завязалі хусткі.

Дарэчы, высокі ўзровень майстэрства саломапляцення У.А. Ціханоўскага адзначыў Іван Крук. Асабліва ўразіла яго лялька-неразлучніца. Убачыць яе можна ў Атрадненскім сельскім Доме культуры, дзе аформлена аўтарская выстава саламяных вырабаў «Лялечны карагод». Падкрэслю: умельцу з Рачэні ў 2010 годзе прысвоена званне народнага майстра Беларусі.

рэпертуар сямейнага гурта даволі разнастайны. У перадачы гучалі масленічныя песні, характэрныя для Любаншчыны, а таксама пра вёску, працу. Асабліва спадабалася вядучым песня «Пчолы, мае пчолы».

Кожная сям’я, удзельніца конкурсу, мела сваю адметнасць. Ціханоўскія пакарылі журы выкананнем аўтэнтычнай песні. Безумоўна, у гэтай справе роўных Уладзіміру Аляксандравічу складана знайсці.

– Родам я з Магілёўшчыны, – распавядае кіраўнік сямейнага гурта «Карані». – Гэта песенны край. Там спяваюць усе: малыя, дарослыя, пажылыя. У маёй сям’і таксама ўсе спявалі. Мабыць, любоў да музыкі мне перадалася на генетычным узроўні. У доме часта гучала народная песня ў выкананні маёй бабулі. Я быў яшчэ малы. Нават і чытаць не ўмеў, а словы запамінаў на ляту. Яны самі ўліваліся ў маю душу, западалі раз і назаўсёды. Песня заварожвае мяне. Яна для мяне душэўныя лекі, элексір маладосці. На сцэне я жыву. У выкананні аўтэнтычнай песні стараюся захаваць мелодыку, танальнасць, каларыт мясцовага дыялектнага слова. Хацеў бы перадаць сваё майстэрства і ўнучцы Есеніі, якая таксама была ўдзельніцай конкурсу.

Шмат добрых слоў сказала пра сямейны гурт «Карані» Таццяна Лазоўская. Былі адзначаны галасістасць, артыстызм Ілоны. Не аказалася роўных у другім туры Ігару Філіпаўцу (мужу Ганны), які выйграў музычны батл у сям’і Еўдакімовіч. А як сыпаў ён беларускімі прыказкамі! За самабытнасць, талент, яркае выступленне салістка калектыву «Бяседа» ўручыла сям’і Ціханоўскіх спецыяльны прыз. Сваім выкананнем аўтэнтычнай вясельнай песні Уладзімір Аляксандравіч пакарыў усіх. Таму ў намінацыі «Лепшыя мужчынскія спевы» ён адзначаны дыпломам.

Віншуем сям’ю Ціханоўскіх з цудоўным выступленнем у праекце.

Хто ж атрымае галоўны прыз – адпачынак у санаторыі «Нарачанка»? Будзем сачыць за тэлеперадачай.

Адназначна, у фальклорным шоу «Хата на хату» ўсе выступілі годна. Кожны адшліфаваў сваё майстэрства, узбагаціўся цікавымі ідэямі, знайшоў новых сяброў. Галоўнае, што аб’яднала ўдзельнікаў, – беларуская песня. Яна гучала на розныя лады, у суправаджэнні музычных інструментаў… Канкурсанты жылі песняй.

Вялікі дзякуй вам за прыемныя ўражанні.

Ірына ЛЕНСКАЯ.

Архив сайта
27
2022
Ноябрь
Что, на ваш взгляд, сильнее всего угрожает вашему здоровью?
Год исторической памяти Биометрические документы Республики Беларусь Декрет №7 Декрет №3 Отдел образования Любанского РИК Телефоны горячих линий