Сустрэча намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта па эканоміцы
Мікалая Кудры з работнікамі санаторыя «Рассвет-Любань» пачалася з рамовы пра
сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну.
Падсумоўваючы вынікі мінулага года, Мікалай Мікалаевіч зазначыў, што наш
раён дынамічна развіваецца. Летась выкарыстана каля 500 млн долараў
інвестыцый. Ужо практычна дабудавана чыгунка. Пачынаецца ўзвядзенне
горна-абагачальнай фабрыкі на «Слаўкаліі». Складскія памяшканні там ужо
зроблены, шахтныя ствалы таксама. Зараз вядзецца адводка ад іх, і праз некаторы
час пачнецца запуск абсталявання.
Ды і ўвогуле ў раёне не спыняюцца
будаўнічыя работы. Узводзіцца жыллё, з’яўляюцца новыя аб’екты інфраструктуры.
Летась у горадзе пачалі функцыянаваць два гандлёвыя цэнтры – па вуліцы
Першамайскай (каля аўтавакзала) і па зав. Купалаўскім. Створана каля 180 новых
працоўных месц. Рост вытворчасці адзначаецца ў сельскай гаспадарцы.
На бягучы год запланавана, па словах
М.М. Кудры, будаўніцтва дзіцячага садка
ў мікрараёне каля райбальніцы, рэканструкцыя кацельні па вул. Сацыялістычнай
для пераводу на мясцовыя віды паліва. Таксама ёсць усе перадумовы для вырашэння
нарэшце набалелага для райцэнтра пытання па ачышчальных збудаваннях. Намечана ў
бягучым годзе пачаць работы па абуладкаванні гэтага аб’екта.
Пры тым, як падкрэсліў намеснік
кіраўніка раёна, маюцца і праблемы, многія з якіх звязаны з пандэміяй
каронавіруса. Яна негатыўна паўплывала на эканамічнае становішча некаторых
арганізацый, у тым ліку і санаторыя, дзе запаўняльнасць меншая, чым раней. «Аднак нельга адчайвацца, апускаць рукі, трэба працаваць, актыўней
рэкламаваць паслугі санаторыя, каб зацікавіць адпачывальнікаў, і пакрысе
сітуацыя выправіцца», – падбадзёрыў прысутных Мікалай Мікалаевіч.
Акрамя таго, ён выслухаў і ўдзельнікаў сустрэчы. Адзначыў: «Цікава ведаць,
што вас хвалюе». І работнікі выказалі, якія пытанні іх непакояць. Гэта:
неабходнасць ліўнёвай сістэмы па вуліцы Савецкай у Любані, дрэнная асветленасць
у вячэрні час стадыёнаў гарадскіх устаноў адукацыі, несвоечасовы вываз ЦБА ў в.
Зялёнкі і іншыя. Усе яны ўзяты прадстаўніком мясцовай улады на заметку для
далейшага вырашэння.
Вилента