– Наталля Анатольеўна, якое ў Вас любімае выказванне пра беларускую мову?
– Мне імпануюць словы Уладзіміра Караткевіча «Хто забыў сваіх продкаў – сябе губ-ляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў». Мова – гэта душа народа, нацыянальная святыня. Калі жыве мова, жыве і народ. Я заўсёды пра гэта вучням гавару.
– А як дзеці ставяцца да беларускай мовы?
– Я не магу сказаць, што рабяты дрэнна адносяцца да прадмета. Кожны год пэўная колькасць вучняў на цэнтралізаваным тэсціраванні вырашае здаваць беларускую мову. Сёлета ёй перавагу аддалі шэсць адзінаццацікласнікаў з дваццаці аднаго. У нашай установе настаўнікі выкладаюць прадметы па-руску, таму, напэўна, дзецям прасцей на ЦТ здаваць рускую мову. Я заўважыла, што звычайна беларускую мову выбіраюць вучні мацнейшыя, таму што яна сапраўды складаная.
– Якія творы беларускіх аўтараў найбольш падабаюцца вучням?
– Пяцікласнікі з вялікім задавальненнем чытаюць фантастычную аповесць Алеся Якімовіча «Залатая дзіда». У сёмым класе дзецям падабаюцца творы Янкі Маўра «Палескія рабінзоны» і «У краіне райскай птушкі». Дзесяцікласнікі вельмі любяць абмяркоўваць раман Івана Мележа «Людзі не балоце». Напрыклад, летась, калі я прапанавала вучням дзясятага класа напісаць сачыненне па гэтым творы, запазычаных работ амаль не было. Дзяцей крануў раман, ім хацелася падзяліцца сваімі думкамі.
– Каб падрыхтаваць дзіця да алімпіяды, напэўна, з ім неабходна пачынаць працаваць з пятага класа?
– Калі Таццяна Пальчук (адзінаццацікласніца, якая напрыканцы сакавіка выступіць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. – Заўв. аўт.) прыйшла да нас у 5 клас, я звярнула ўвагу, што яна нядрэнна гаворыць па-беларуску. Дзяўчына і на ўроках заўсёды адказна працавала. Я прапанавала Таццяне наведваць дадатковыя заняткі па мове. Яна згадзілася. На лета я давала дзяўчыне стос алімпіядных заданняў. І яна ўсё выконвала. Пасля цэлы верасень на стымулюючых занятках мы з ёй разбіралі гэтыя заданні. У алімпіядзе Таццяна першы раз прыняла ўдзел у восьмым класе, але выконвала заданні за дзявяты. І зрабіла гэта паспяхова. Атрымала пуцёўку на абласны і рэспубліканскі этапы. І з таго часу кожны год аказваецца ў ліку ўдзельнікаў заключнага этапу алімпіяды.
– Ці можна прадказаць, якія заданні будуць на алімпіядзе?
– Прадказаць немагчыма. Алімпіяда складаецца з трох частак. За выкананне заданняў вучань можа атрымаць максімальна 100 балаў. З іх 50 – у лінгвістычнай частцы. У ёй змяшчаюцца заданні з розных раздзелаў мовазнаўства: лексікі, фразеалогіі, парэміялогіі, словаўтварэння, арфаграфіі, фанетыкі і іншых. Абавязкова тры заданні будуць датычыць літаратуры. Прычым па праграме з пятага па адзінаццаты клас. Таму патрэбна мець добрую памяць, ведаць аўтараў і пэўныя звесткі пра іх, творы, сюжэтныя лініі, герояў…
У другой частцы неабходна напісаць водгук на твор. Водгук – гэта не проста сачыненне. У ім трэба выказаць сваю думку, прааналізаваць вобразныя сродкі, якія выкарыстоўвае аўтар, раскрыць тэму і ідэю. Правесці паралель з іншымі творамі. Усё гэта падаць у звязанай форме і прыгожа аформіць. Вельмі складаная работа. Яна можа быць максімальна ацэнена ў 30 балаў.
Трэцяя частка – вуснае выказванне, за якое даецца да 20 балаў уключна. Вучань выцягвае білет. Там яму прапанаваны дзве тэмы. Па адной з іх за 10 хвілін неабходна падрыхтаваць выказванне хвілін на 7. Дзецям часта бывае складана псіхалагічна выступіць перад незнаёмымі людзьмі.
– У заключэнні размовы зададзім традыцыйнае пытанне: чаму Вы вырашылі стаць настаўнікам?
– Не магу сказаць, што марыла пра гэта з дзяцінства. Проста ў дзявятым класе (а я закончыла Шыпілавіцкую базавую школу) са мной граматна правялі прафарыентацыйную работу. Мае настаўнікі былі ўпэўнены, што я таксама буду настаўнікам. І тое ж казалі маёй маці. Я з гэтым згадзілася і паступіла спачатку ў Нясвіжскае педагагічнае вучылішча, а затым без экзаменаў па сумоўі – у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Пасля яго заканчэння нейкі час працавала ў роднай Шыпілавіцкай і Рэдкавіцкай школах. У 2005 годзе ўладкавалася ў Гімназію №1 г. Любані.
– Не шкадавалі, што сталі настаўнікам?
– Ніколі не шкадавала.
Рябцева